Літоўскі воўк | страница 77



І раптам жаночы смех паласнуў, як лязом, па сэрцы. Ёсць, ёсць яны тут. Аканом падышоў да самай сцяны палаца, прыслухаўся і пачуў невыразны шэпт. Ага, шэпчуцца! Калі ціхенька падысці да акна, то можна што-небудзь разабраць.

Пан Урбановіч пайшоў уздоўж сцяны. Моцна смярдзела крапівой і вужамі. Шэпт стаў выразнейшы. Вось ягоная жонка ўвогуле загаварыла ўголас. Праўда, разабраць, што яна гаворыць, усё роўна цяжкавата. Але ж як шчабеча, жаўручком заліваецца, нягодніца... А другі голас грубы, мужчынскі... Хто ж гэта, хто?!

Шкада, што прапусціў момант, як яны сустрэліся... Пэўна ж, кідаліся ў абдымкі.

«Твой першы абавязак, жанчына, - добра зачыні дзверы!» - усплыло ў галаве. Пану аканому хацелася бачыць парушальнікаў і звычаёвага, і святарнага права шлюбу на ўласныя вочы. Але жада падслухаць была большая...

Не, з акна не чуваць. Яны недзе ў глыбіні палаца. Як улезці ўсярэдзіну?

Пад нагамі храбуснула галінка. Палюбоўнікі змоўклі. Замёр і аканом. Пастаяў і толькі хацеў учапіцца рукамі ў падаконне, каб лезці ў палац, ледзь не ўскрыкнуў ад нечаканасці - на адлегласці працягнутай рукі на цаглінах падаконня ляжала клубком, цэлаю гурбаю тоўстых завіткоў нешта жывое. Здаравенны вужака! Гад калі не бачыў чалавека, дык добра адчуваў. Пакуль аканом не варушыўся, вуж спакойна ляжаў. Пан аканом пастаяў хвіліну, пачуў, як у пакоі зашамацелі абарваныя шпалеры. Вуж крутануў галоўкай і споўз з падаконня проста пад ногі аканому. Спаўзаў ён бясконца доўга, але аканом нават і не варухнуўся.

Нехта з-за сцяны нягучна спытаўся:

- Хто тут?

Аканом расслабіў пашчэнкі, каб не скіргітнуць зубамі. Такі знаёмы голас... Каб гэты чалавек высунуўся вонкі, вызірнуў з акна, то заўважыў бы аканома. Але той нехта пастаяў, пачакаў і выйшаў з пакоя. Кавалкі шыбаў трашчалі пад ягонымі нагамі, як стрэлы.

«Не хапала, каб мяне ўбачылі, - прадыхнуў аканом. - Во сарамоцце было б. Стаю, затоены... Цьху ты!»

Зрэшты, чаго баяцца? Сустрэну лёс у твар. Божа, ён жа яшчэ і з пісталетамі! Няўжо азвацца...

Але цікаўнасць проста раз'ядала аканома. Што яны гаварыцьмуць? Што між імі, зразумела, але вось як гэты момант падлавіць, каб не было ніякіх пярэчанняў, хлусні...

- Тут нікога не бывае... - данёсся голас Аксаны. - Сюды ніхто не ходзіць... Тут столькі вужакаў...

- Я думаю... Ступіць нельга... Хацеў з акна вызірнуць, а там такі ляжыць, тоўсты, як каўбаса...

Па прыглушаным голасе таго, хто гаварыў, цяжка было пазнаць, хто ж гэта быў.