Літоўскі воўк | страница 76
3. Месца сустрэчы
Парк, колісь разбіты на высокім беразе Гарыні, быў дзівоснай мясцінай. Рака абягала бераг шырокай лукой, а на гары, на самай кручы стаяў магнацкі палац, які раней можна было бачыць за дзесяткі вёрст. Вакол палаца буялі самыя экзатычныя, заморскія пасадкі, што магла прыдумаць панская фанабэрыя і сялянскія дармавыя грошы. Цяпер ад палаца мала што засталося, а дзікая расліннасць глушыла здзічэлыя ружы, піхты, кедры, рададэндраны, Веймутавы сосны, глог і карчы бэзу. Усё гэта вясной зіхацела і стракацілася рознакалёрным кветам, напаўняла паветра чароўнымі пахамі.
Аканома мала цікавіла прыгажосць кутка. Ён вызіраў жонку. Аксаны не было відаць. На адкрытым месцы аканом стараўся трымацца за тоўстымі, у абхват, дубамі, заходзіў за купы язміну, прыгінаўся, перабягаў ад дрэва да дрэва - зусім як спрытнае дзіця, якое мяняе дыслакацыю, каб украсці цурпалку, калі гуляюць у хованкі.
«Дзе яна, дзе?» - змрочнай, шалёнай птушкай білася ў галаве думка.
Між кустамі на самай кручы мільганула прывідам нешта белае.
«Ага, дурніца... Вунь дзе ты... Каля палаца...»
Пан Ежы праз густы маладняк стаў прабірацца да палацавых парэшткаў. Па ўсім было відаць, што сустрэча каханкаў была прызначана менавіта тут, каля крушні. Чым бліжэй падыходзіў пан Ежы да руінаў, тым гучней тахкала сэрца. Яму здавалася, што гэты гук выдасць яго, таму спыняўся, стойваўся, пераводзіў дух.
Вось і палац. Дакладней, тое, што ад яго пакінуў час. Драўляныя сцены зеўралі дзіркамі пустых вокнаў, дах месцамі праваліўся. За будынкам, вышэй, на самым высокім месцы паўатокі, стаяла аброслая крушынай і воўчымі ягадамі капліца. Там была фамільная графская ўсыпальня. Ужо даўно, гадоў з пяцьдзесят, у склепе нікога не хавалі. Падходы ўраслі малінамі, ажынамі... Зямля паправальвалася над пустымі, незапоўненымі нішамі, дажджы павымывалі равы... Летась беспрытульная карова зламала нагу, праваліўшыся ў склеп, за што пастуху далі добрага дубца. Здаецца, тады ў апошні раз пан Ежы ўжыў такое пакаранне. Дубцы і бізуны не ў модзе. Яшчэ самых разбэшчаных можна лупцаваць, але тут бі і бойся... І ў газеце прапішуць, і самому брыдка... Хлапаманаў развялося, песенькі збіраюць... Ды што ў газеце, у Лондане Герцэн такое напіша, што... Цяпер нават і самі халопы заступнікаў шукаюць... Грошы завяліся на гербавую паперу, судовых пісараў...
Навокал нікога. «Дзе яна?» - мільганула думка. «Яна? Не - яны?!» - Пан Ежы сціснуў пісталет.
Не відаць...