Літоўскі воўк | страница 75



- У парк, кажаш, пайшла. У чым яна?

- Хто?

- Не прыкідвайся дурнем.

- Пані? У чырвонай жакетцы, што пан падарыў на Вялікдзень. І белай сукенцы... З таго белага муару...

Твар пана Ўрбановіча перасмыкнула.

Ён счапіў зубы, буркнуў:

- Цыц! Чаму ты тут, а не каля лазні? Што Ганна?

- А што Ганна? Плакала Ганна цалюткі дзень... Цяпер, кажу ж, спіць.

- Прыедзе пані Цэцыля, няхай з ёй пагаворыць. Зрэшты, не. Я сам пані Цэцылі скажу... А цяпер ідзі са мной.

Аканом абагнуў дом, падышоў да акна, з якога нядаўна вылезла здрадніца.

- Ногі чыстыя? - спытаўся аканом у Мондрыка.

Прыслугач няўцямна паглядзеў спачатку на свае боты, потым на пана.

- Пытаюся, ногі, а не боты, боўдзіла?!

Так пан аканом да службы ніколі не звяртаўся.

- Чыстыя... Днём мыў на рацэ...

- Здымай боты і лезь у акно.

- Добрачка, васпане.

Мондрык скінуў боты, ускараскаўся ў акно. Хітрун. Адчуваў пана, як сабака. Вось залез у пакой, азірнуўся, чакаючы загаду.

- Ідзі да століка...

- Якога, васпане, століка? Іх тут два... тры...

- Эйш! Таго, дзе свечка, бачыш?

Мондрык падышоў да стала.

- Ну!

- Там кніга.

Узяў кнігу, зноў няўцямна азірнуўся.

- Падай яе сюды.

Кніга была французскім раманам. Закладзеным пасярэдзіне сухім зялёным лістом клёна. Пан Ежы адгарнуў, паўзіраўся. У прыцемках не разабрацца, паднёс кнігу да вачэй. Не відаць.

- Запалі свечку.

Мондрык паднёс запаленую свечку. Аканом заўважыў, што на старонцы тоненька, пазногцем, падкрэслены радок. Што гэта значыць? Ага... l'amur... Гэта ясна, што лямур... Але канкрэтна што? Ага... De bien fermer la porte. Першы абавязак жанчыны... Што? Porte? Дзверы... Добра зачыніць дзверы?!

Фраза як варам абдала аканома.

«Хм. Першы абавязак жанчыны - добра зачыніць дзверы... Ага, вось чаму французы паганыя вучаць...»

Горла схапіла сутарга.

«Усё, ужо ж гэта - канец, - падумаў аканом. - Калі яна гэткі сказ падкрэслівае - гэта ўжо пэўны канец...»

- Што далей, васпане? - гучна прашаптаў Мондрык.

- Задзьмухні свечку. На, занясі кніжку на месца... І вылазь...

Мондрык вылез.

- Цяпер... ідзі сабе, - загадаў пан. - Туды ідзі, да лазні... Стой!

Мондрык спыніўся. Твар пана, бледны, як месяц, што выплыў са смугі загарынскага балота, скамянеў.

- Кажаш, пайшла ў парк, так?

- Ге, васпане.

- Яна што-небудзь казала?

- Не... Хіба што... - Мондрык наморшчыў лоб. - Сказала, праходку зробіць, каля старога палаца.

Калі Мондрык зайшоў за вугал, пан Урбановіч, толькі знешне суровы аканом Манкевіцкай эканоміі, ледзь чутна заенчыў і знясілена прыхіліўся да сцяны - ну не моцны ён, як здаваўся і сабе і іншым.