Літоўскі воўк | страница 74



Дастаў з кішэні звязку ключоў. Выбраў адзін, пакорпаўся ў шчыліне... Не, хітрая. Ключ у замку павернуты. У пакой можна ўлезці толькі знадвору, праз акно.


2. Падкрэслены радок


- Куды яна пайшла? - спытаў аканом у прыслугача, калі выйшаў на ганак.

Прыслужваў пану Ўрбановічу, і то толькі часам, Мондрык, які часцей выконваў абавязкі фурмана. Мондрык няўцямна паўзіраўся на пана.

- Дык куды пані, кажу, пайшла, ты аглух, ці што?

- У парк, васпане, - адказаў Мондрык. - А я прыйшоў сказаць, што таго... Ганна заснула.

Перапалоханы, ён выдатна разумеў, што да чаго. Глядзеў на пана са шкадаваннем, з літасцівым спачуваннем. Але і з насцярогай - пад сурдутам нешта тырчэла, і Мондрык быў не дурны, каб не разумець, што ў гаспадара за поясам. Ніколі не бачыў аканома такім рашуча настроеным.

Мондрык - была мянушка фурмана. Звалі яго Кандратам, было яму гадоў пад трыццаць. Чырванатвары, чарнавусы, з густымі чорнымі бровамі, меў прозвішча Гонта, а Мондрыкам празвалі, бо лічыўся з розумам, хоць часам, бывала, выдурняўся, зрэшты, як і кожны нежанаты. За розум, спрыт, талковасць пан Урбановіч трымаў Мондрыка пад рукой, і ён яму не столькі прыслугоўваў, колькі быў распарадчыкам. Злыя языкі ўвесь час тарочылі, што ў гаспадарцы ў Манкевічах усё да ладу дзякуючы Мондрыкавай руцэ. Гэта значыць, за што б ён ні браўся, усё ў яго выходзіла. З гэтымі плёткамі было цяжка не згадзіцца. Калі аканом быў сама лагода, мёд, ласкавасць, Мондрык мог у гневе хвастануць любога работніка плёткай. Калі хто скардзіўся - ішлі да аканома як да ксяндза, - пан прасіў прабачэння за Мондрыка, ад чаго апошняга аж выкручвала ад сораму. Увогуле, Урбановіч нечым выглядаў на ксяндза, - яшчэ пад сорак гадоў у яго з'явіўся жывоцік, плечы меў неразвітыя, рукі - дагледжаныя, белыя. Ён звыкла трымаў іх счэпленымі пад грудзямі, як святар, і, як святар, хутчэй не аддаваў загады па эканоміі, а прасіў. Непрыемныя ці часам нават жорсткія распараджэнні аддаваў праз Мондрыка. Валасы ў пана Ўрбановіча блішчэлі ранняй сівізной. Вочы, пранікнёныя, разумныя, заўжды, як у пільнага і руплівага гаспадара, свіціліся насцярожанасцю. За гэтыя неспакойныя вочкі аканома і баяліся, і не надта каб любілі. Хто любіць разумных, стрыманых, удачлівых і вечна маральных людзей? Гэта ўжо зусім зубожаныя, над якімі пан Урбановіч апекаваў, маліліся на пана аканома, як на абраз.

На цяперашні момант у вачах аканома свіціліся невымоўная пакута, боль аж да шалёнасці, раз'ятранасці. Момант - і ў іх загарыцца пякельнае полымя помсты.