Літоўскі воўк | страница 72
Што тады?! Думка, што адбудзецца далей, была такой страшнай, што ён і не дапускаў яе, адганяў прэч.
У Манкевічах спаць клаліся рана - часам да заходу сонца, і таму аканом не здзівіўся, калі яму далажылі, што пані Аксана ўжо зачынілася ў спальні.
- Пані што, спіць?
- Запалілі свечку і чытаюць.
«Чытае... Хм... Чытае...»
Аканом прайшоў у афіцыну, на мысачках прабраўся да дзвярэй Аксанінага пакоя, зазірнуў у шчыліну. Так, якраз добра відаць, што робіць. Востры боль працяў сэрца пана Ежы. Ён убачыў натхнёныя вочы жонкі. Яна ляжала і нешта крэмзала на старонках... Відавочна - твар закаханай.
Аканом сціснуў кулакі. Яму захацелася ўварвацца ў спальню сужэніцы, здзерці з яе коўдру, звалачы за валасы на падлогу, ударыць...
Не, гэтага рабіць нельга. Зрабіць гэтак - спудзіць рыбку.
Хто яе абраннік? Тут за сто вёрст нікога больш-менш прыстойнага не знойдзеш. Хто яшчэ стане пісаць лацінкай на мове хлопаў? Да гэтага яшчэ дарасці трэба. Толькі ён, пан Ежы Ўрбановіч, адукаваны, богабаязны, багаты і, зрэшты, прыгожы, часам пісаў у сваіх каетах па-хлопску. Так, дзеля цікаўнасці. Ну ці прыдумаеш лепшую пару пані Аксане? Шкада, дзяцей пакуль няма. Пойдуць дзеці - зажывуць ціха і спакойна... Няўжо зблыталася з фурманам якім, каторы сяк-так асіліў абецадла? Як у якім-небудзь паганым французскім рамане. Не, не...
Аканом з цяжкасцю стрымліваў сябе. Старасвецкі гадзіннік у вялікай залі нізкім, крыху як бы асіплым басам прабіў дваццаць адну гадзіну.
«На заходзе сонца, на заходзе сонца... - Пульсавала кроў у скронях Урбановіча. - Яно акурат садзіцца...»
Вось жонка хуценька ўсхапілася. Падбегла да дзвярэй, прыслухалася. Пан Ежы стаіў дыханне. Жонка ўскочыла так хутка, што ён не паспеў адысці ад дзвярэй. Цяпер, калі яна расчыніць дзверы, адразу ўбачыць яго. Мужа, які падцікоўвае за жонкай. Ён паспеў заўважыць, што Аксана ляжала пад кодрай апранутая. Значыць - падрыхтаваная.
Вось пані Аксана ўсунула ключ у замок. У руках у яе была трасучка - не магла патрапіць у дзірку.
Усунула і павярнула, гэта значыць - замкнулася.
«Ага, баішся, хвалюешся, здрадніца... Пачакай, пачакай, будзе табе. У студню пасаджу, на хлеб, на ваду... - мільгалі ў галаве пана Ўрбановіча помслівыя думкі. - Абстрыгу! Я цябе ўзяў з жабрацтва, паіў, карміў, за жонку зрабіў, а ты?!. Няўжо ўсе жанчыны такія, салодкага ім хочацца?»
Праз дзірку, заткнутую ключом, пан Ежы нічога не бачыў. Але паслугачнае ўяўленне жыва намалявала, як ягоную жонку ўсю калоціць перад сустрэчай з каханкам. Урбановіч чуў, як жонка шамаціць нечым, прышэптвае незразумелыя, бо не чуваць, словы.