Літоўскі воўк | страница 71



Да раніцы пан аканом не спаў, варочаўся на сваёй канапе, сіліўся заснуць, - прынцып ніколі не перамолваць у галаве тое, што раніцай можа аказацца глупствам, не дзейнічаў. Ды і як тут заснеш? Ускокваў, хадзіў, як ходзіць у сутарэнні асуджаны на смерць. Калі яго ўсё ж змарыў сон, то сасніў, як ягоная жонка, узяўшыся за рукі з тоўстым панам Таўкачом, круціцца ў скоках.

Аканом пракінуўся ад сну. Адчуў - увесь у кроплях халоднага поту... Ну, сапраўдную вакханалію сасніў, што часам ладавалі цёмныя сяляне ў лесе на Столінскіх хутарах, дзе была Лысая гара - яе яшчэ называлі Белая гара - і на якой на Святога Яна запальваўся паганскі агонь. Перажагнаўся. Што за нячысцік яго душыць?


РАЗДЗЕЛ VII. Першы абавязак жанчыны


1. Сонца на захадзе


Развідняла, надыходзіў панядзелак, належала заняцца тым, чым звычайна займаўся, што запланоўваў. Але якая работа, якія планы! Урбановіч ледзь дачакаўся раніцы і цяпер зразумеў, што ніякай работы не будзе, а будзе пакута чакання, калі прыйдзе вечар. Абражаным, з увярэджаным гонарам час здаецца іншым.

Вонкава ў жыцці нічога не змянілася, але ў партманеце ляжала цыдулка, якая не давала ні жыць, ні дыхаць. Добра, што хоць Ганна сядзела ў лазні пад пільным вокам Мондрыка і клопат з ёю адсоўваўся на нявызначанае «потым».

Каб не бачыць жонкі, аканом сказаў, што паснедаў адзін, і пайшоў па службах. Пахадзіў па людзях хутка, бязмэтна.

Вось ужо прайшла і раніца, і людзі даўно рабілі свае работы, але да часу, на які было прызначана спатканне, - заход сонца, - усё яшчэ было далёка.

Сонца марудна кацілася па небасхіле. І хаду ягоную, бег - не прыспешыць. Хоць крычы, хоць валашэй. Урбановіч спрабаваў прымусіць сябе заняцца гаспадаркай. Належала паслаць людзей да карэты, якая прывезла доўгачаканы груз з Англіі, з сельскагаспадарчай выставы, але не даехала, зламалася. Карэту рамантавалі, але яна зноў, цяпер канчаткова, разламалася зусім блізка ад Манкевічаў.

Гаварыў з людзьмі і дзіваваўся са свайго змененага голасу, потым зачыніўся ў кабінеце, спрабаваў чытаць і нават драмануў крыху. Паклікалі абедаць. Сказаў, што паедзе да карчмы, і сапраўды сеў у брычку, але далёка ад эканоміі не ад'ехаў. Спыніў жарэбчыка і прастаяў мо з гадзіну, раз-пораз зіркаючы на сонца. Не, куды там. Яшчэ толькі поўдзень. І куды падзецца?

Вярнуўся ў фальварак, пайшоў у парк, пагладзіў аблезлых хартоў, паназіраў у сажалцы за таўстагубымі карасямі.

Выйшаў з-пад старых дрэў і абрадаваўся - сонца пачало жаўцець, ружавець, заблішчэлі ад ягоных касуляў лісты дрэў. Неўзабаве свяціла пачырванела, зрабілася, як налітае, і марудна стала хіліцца да небакраю. Аканом пазіраў на яго і ў думках усімі сіламі прыспешваў яго хаду. Яму здавалася, што ён ніколі не дачакаецца, калі сонца ўрэшце завісне над далёкімі лясамі Графскай пушчы, схаваецца за імі. І тады...