Літоўскі воўк | страница 70



Пан Урбановіч пакутліва перабіраў у памяці ўсіх ваколічных маладых людзей, хто мог быць выбраннікам Аксаны. Першы, хто прыйшоў на розум, - дзіўны настаўнік, выпісаны з Расеі, - Арыстоклій Дастоеўскі... Хм. Адно імя чаго варта. Але настаўнік адпрасіўся ў Вільню купляць падручнікі, а таму Аксана не магла яму пісаць палюбоўную цыдулку. Далей чамусьці прыляпіўся Ясь Кавалец, брат па матцы. Часцей ад усіх бываў тут. Грамату ведае, шрайбае вершы. Па-расейску... Яму не паказваў, але вось Аксане даверыўся... Ці магла Аксана закахацца ў мужычага сына, хоць ён хлопец відны, плячысты, румяны. Нахапаўся французскіх фразаў, кнігі чытае і па-польску, і па-расейску. Сябруюць, бо разам выраслі, у адной вадзе купаны, па адных лужках бегалі... Хм, хм... У адных копах качаліся. Не, Кавалец смаркач яшчэ. Ну які з Кавальца каханак пані Аксаны? Па-першае, на братаву не паквапіцца, не адважыцца, па-другое - замалады, на гады чатыры маладзейшы. Куды яму... Ды і бесталковы... З семінарыі выгналі, у Маскве не змог быць... У семінарыю не ўзялі назад, дарэмна толькі грошы ўпаліў, падмазваючы каго трэба. О, братка, тут жыццё пражыві, каб у людзі выбіцца, даслужыцца. Не любіш кланяцца, жыццё прымусіць.

Належна перабраць усіх маладых (ды і немаладых, хто іх, жанчын, ведае) мужчын. Улічыць нават фурманаў, лёкаяў, работнікаў... Не, не... Не шляхту - выключыць. Аксана не такая, каб з простымі...

Местачковыя... Уласна абываталяў, мяшчан мала, адныя жыды. У іх - вера іншая. Яны ўсе добрыя сямейнікі... Ці Аксане заманецца на жыда? Хіба... Хто ведае, гэтую сучасную моладзь... Няўжо і жыдоў перабіраць? А яны што, не людзі? Пачаць з багацейшых? Іцэкаў Шмуйла? Выпісалі з Пецярбурга фартэпіяна, Іцэк трэнчыць за мілую душу. Хадзіла з Ганнай да яго не раз. Але ж невысокі, маленькі. Не, на такога сэрца не загарыцца. Хаімаў Ёсель? Чым мог спакусіць Аксану? Нічым... Чорны, дробны, у акулярах, пэйсы гадуе, Тору пад пашкай цягае... Ягоны брат Бэрка ладнейшы: плячысты, самавіты. Якраз на ролю палюбоўніка пацягне. Што за глупства. У Бэркі дзіця, ажаніўся нядаўна...

Усё, больш з юдэяў ніхто на Аксанінага каханка не пацягне... А з хрысціян? Ну, з каталікоў надта ўсе набожныя, на распусту не пойдуць. А праваслаўныя? Ды і тыя ж такія сур'ёзныя, богапачцівыя. Не, мястэчка выкрэсліваецца.

Хто з бліжэйшых паноў? Бароўскія... У яго сыны. Старэйшы недзе вучыцца, а меншы, Людовік, хваравіты. Ды і замалы. Яны нават мала і сустракаліся. Хіба некалькі разоў на вячорках - Аксана сама расказвала. Малы, далікатны занадта, сарамлівы... Не... Не падыходзіць. Далей, Пратасавіцкія... У старога ажно чатыры сыны. Два, лічы, малыя, самы старэйшы жанаты. Другі хлопец таксама пад Аксанін узрост... Казалі, вучоны надта, у Пецярбург збіраецца...