Літоўскі воўк | страница 69
- Кава з жалудоў - выдатная рэч, - сказаў аканом. - Ачышчае печань. Па мне, я б піў каву толькі з цыкорыі ды жалудоў і не плаціў бы данцыгскім жыдам золатам.
«Як перадаць цыдулку? - падумаў Ясь. - З рукі ў руку? Каб не заўважыў Урбановіч. Муж усё-ткі...»
Пан аканом выпіў каву, далікатна прамакнуў вусны хустачкай, зноў заняўся газетай... Ну, шалясці, шалясці...
Ясь падняўся, каб узяць кнігі, і ў гэты момант, трымаючы палец на вуснах, перадаў і цыдулку.
6. Згрызоты абражанай душы
Увечары аканом Манкевіцкага землеўладання пайшоў развітвацца з жонкай нанач, а тады і заўважыў, як сужэніца сморгнула рукой пад столік.
Яшчэ момант: перад гэтым пакаёўка Ганна стала адпрошвацца адведаць родных. Апошнім часам бегала дахаты рэдка, а то была на мінулым тыдні, і раптам зноў закарцела. Чаго?
Аканом сказаў, што калі пані Аксана адпускае, то Ганна можа ісці. Тады адпрошванне не падалося падазроным. Ну якія падазрэнні могуць быць?! Ганна і Аксана раслі разам, жылі душа ў душу. Зразумела, былі ў іх свае сакрэты. Скажам, падлогі мылі разам, памагаючы старой наймічцы. Або разам вучыліся ў аканомавага кухара Гаўрыка гатаваць. І ўсё гэта было ў выглядзе гульні, хаваліся ад яго, аканома, таіліся, баяліся, што будзе сварыцца.
Змест знойдзенай у Ганны цыдулкі не гульня. Да гэтага не паставішся несур'ёзна. Здрада - гэта яшчэ што паробіш, а калі проста распуста, жаданне балаўства?
Прадчуванні былі кепскімі. Успомніўся сон пра лісіцу. Быццам едзе санна з абозам рыбы. А вакол саней бегае ліса, чырвоная, з чорнымі лапкамі... Хаваецца па кусточках, нюшкуе паветра - рыбу чуе... Мужыкі прасілі застрэліць, - якраз і стрэльба была. Адмовіў, сказаў, што лісіца - то частка Божае прыроды, страляць няможна. Мужыкі шчэрыліся ад панскага дзівацтва. Па-іхняму, ліса для таго і ліса, каб застрэліць пані на каўнер.
Папытаў раніцай у фурмана Мондрыка, што значыць, калі сасніш лісу.
- Падман, васпане, - адказаў прыслугач. - Падман і здрада.
Сказаў і непрыгожа ашчэрыўся. Калі аканом пайшоў да пані Аксаны развітацца нанач і заўважыў, як жонка смыкнула рукой, адразу ўспомнілася лісіца. Прыгожая і здрадлівая...
Як падман выкрыўся - Ганну злавілі з цыдулкай, - Урбановічу палегчала. Так бывае заўжды, калі нядобрыя прадчуванні спраўджваюцца. Палегчала, але потым схапіўся за галаву! Што рабіць з маладой, прывабнай, хутчэй пыхлівай, чым ганарлівай шляхцянкай са збяднелага роду? Можа, ён памыліўся, калі выбраў занадта маладую? Але каго браць тады? Са старых дзевак засталіся толькі няўклюды, бо ўсе добрыя даўно пабраныя. Калі іншыя жаніліся, ён вучыўся, служыў, дабіваўся пасадаў. Што яму заставалася рабіць, на добры розум, у сорак пяць гадоў? Не жаніцца зусім? Але пра сям'ю толькі і марылася, дзеля яе будавалася кар'ера, дзеля яе прыніжаўся, цярпеў...