Літоўскі воўк | страница 68



- Дык як правільна: шляхціч ці шляхціц?

Ганна і Аксана перазірнуліся. Не ведаюць. Урбановіч шалясцеў газетай, не адзываўся.

- Вось бы з'ездзіць на возера Свіцязь... Сустрэцца з Верашчакамі... - сказаў Ясь.

- Якое наіўнае хлапчо, - скрывілася Ганна. - Верашчакі - магнацкі род, а мы - шарачковыя.

- Такі ўжо і магнацкі... - нечакана, амаль знянацку адгукнуўся пан Ежы. - Верашчакі проста моцна апалячаныя. Як і Міцкевічы. Зроду не былі палякамі... А правільней казаць - шляхціч. На «ц» толькі мазуры пшэкаюць... Шляхціч болей па-наску.

- Дык што? Верашчакі нас і блізка не падпусцяць? - насцярожыўся Ясь. Яму карцела распытаць пра радзіну Міцкевіча, творы якога нядаўна прачытаў.

- Гэта па-першае... - У сваю чаргу не звярнуў увагі на словы меншага брата пан аканом. - Па-другое, у краі неспакойна... Па дарогах жандары... А яны не чыкаюцца з рознага роду асобамі, якія туды-сюды швэндаюцца. Ганна, будзь ласкава, прынясі кавы.

Пакуль Ганна гатавала каву, маўчалі. Слова «швэндаюцца» было адрасавана Ясю, ён гэта адчуў, зразумеў, на што намякаў аканом, таму адразу насупіўся. Ясь не згаджаўся ісці працаваць у эканомію.

Пакаёўка ўрачыста ўнесла тацру, трымала яе высока, на ўзроўні грудзей, удыхала пару ад філіжанак і ўдавала, быццам зараз страціць прытомнасць ад водару кавы. Аксана прыняла з яе рук каву... Яны, Ганна і Аксана, роўныя ростам, вабныя з твару, як з карцінкі. Толькі Ганна ў хустцы, як просталюдзінка.

«Чаму я не закахаўся ў адну з іх, - падумаў Кавалец. - Гора не ведаў бы... А то гэтая Налётка... Фанабэрыстая, з мухамі ў носе. Прысох. І грэшна, і так соладка...»

- Што, братка, - сказаў пан аканом, звяртаючыся да Яся, - каву рэдка п'еш?

- Ну чаму? - паціснуў плячыма Ясь. - Бывае... Але дорага, халера.

- Давай без халераў... - зрабіў заўвагу аканом. - Гэта вядома, што дорага. Яна нам дарагая. А рэч у паўднёвых краінах звычайная. Слухай, Ганна, чаму толькі тры кавы? - сурова глянуў на Ганну. - Дзе чацвёртая?

- Каму, васпане?

- Табе! Што за плябейшчына? Колькі разоў казаць: ты не пакаёўкай сюды ўзята. Ты - Аксаніна каляжанка. Разумееш?

- Я... Я не хачу кавы, пан Ежы, - сказала Ганна. - Яна горкая...

- У семінарыі давялося папіць той кавы... Ды паесці «германцаў» - падсмажанага хлеба, - сказаў Ясь, каб перайначыць гутарку. - Толькі хале... гэта, яна нам рабілася з жалудоў. Тамтэйшыя жыды мелюць жалуды і падмешваюць у тую каву...

- Як падсвінакам... - пырснула Ганна.

Аканом сурова глянуў на Ганну, і дзяўчына закрыла рот ражком хусткі.