Літоўскі воўк | страница 67



- Пусці... - сказала яна. - Барсук няўклюдны. Не злавіў, а ўжо скубеш.

Ясь выпусціў дзяўчыну. Ну і дзеўчына. Маладзіца, як агонь. Не дзіва, што Ежы ўзяў Ганну ў пакаёўкі. Местачковыя распускаюць чуткі, быццам у манкевіцкага аканома дзве маладыя жонкі. Ну, гэта лухта: Ганна не з тых, хто згодзіцца быць палюбоўніцай. Ды і Аксана ні за што не сцерпіць мужа-юрліўца.

Ганна, Аксана... З гэтымі дзяўчатамі гэтулькі бавіў час, як былі меншымі. У ягады хадзілі ў пушчу, на вячорках сядзелі... А колькі работы разам перароблена! Эх, дзяўчаты, дзяўчаты... Мілыя, каханыя... У паненкі выбіліся, пазаможнелі, счужанелі да яго, мужычага сына... Не, трэба сціснуць пачуцці ў кулак, не расслабляцца, не даваць нават знаку, што ў яго на сэрцы... Прыйдзе час, і ён у людзі выб'ецца.

У вітальні Ясь нечакана (ну не хацелася яму яго бачыць!) угледзеў аканома. У роце адразу стала сохнуць. Без ламентацый не абыдзецца. Пан аканом такі правільны, што ажно аскоміна забірае. А тут яшчэ Артураву цыдулку ўхітрыцца перадаць Аксане. Ад адчування строгасці і віны перад братам Ясь нават падумаў, ці не аддаць брату тую цыдулку?!

Пан Ежы сядзеў у глыбокім фатэлі і чытаў «Кур'ер віленскі». Ага, свежы нумар прыйшоў. Аканом суха павітаўся не паварочваючыся. Што за навіна? Куды падзелася ягоная прыкрая гжэчнасць? Нешта здарылася? Не глянуў нат, быццам Ясь не тое што не брат, не чалавек нават. Зрэшты, чалавек, але - шэрая костка, можа і пры парозе пастаяць.

- Ясік! - пачуўся чысты, напоўнены радасцю голас.

Гэта Аксана, цяпер пані Аксана. Выйшла ў вітальню вяльможнай паненкай: у ранішняй сукенцы, на нагах не якія вышываныя лапцікі-коты, а чаравічкі. Прывыкла тут і да чаравікаў. Штодня ходзіць... І не ціснуць яны ёй.

Селі, пагаварылі пра прачытаныя кнігі. Ясь расказаў пра здарэнне на кірмашы. Расказваў і пазіраў на Ўрбановіча, які быццам не слухаў, а сядзеў, унураны ў газету. І навіна, што на кірмашы лавілі падбухторшчыка, агітатара, яго ані не ўзрушыла, не падняла з крэсла.

- Прыстаў страляў са сваёй пукаўкі! - гучна паўтарыў Ясь. - У агітатара. Ніколі такога не было...

- Падбухторшчыкі, канечне, шляхцічы? - спытала Аксана.

«Прызнавацца, хто яны?» - мільганула думка ў Кавальца.

- А як правільней казаць, - спытаўся Ясь, - шляхціч ці шляхціц?

Гэтым пытаннем паспрабаваў перабіць Аксаніну цікаўнасць. Не хацелася расказваць, што ўцекачамі, а значыць, падбухторшчыкамі былі, уласна, Артур і прыезджы ангелец. Калі расказаць гэта, тады належна расказваць і пра зброю. Ці не звязана з імі сама Аксана, раз Артур ёй цыдулку перадае?