Літоўскі воўк | страница 65
Вонкава афіцына набыла нейкае падабенства з палацам, але ўсярэдзіне пакоі засталіся катушкамі. Вакол дома аканом разбіў роўненькія дарожкі, загадаў пасыпаць рачным пяском ці бітай цэглай, выпісаны садоўнік насадзіў кветнікі, кусты ружаў... Стараннямі і клопатамі пана Ўрбановіча гэты куток парку ператварылі ў сапраўдны батанічны сад. Пад падрэзанымі дрэвамі і па пастрыжанай па ангельскай модзе траве бегалі аблезлыя харты, хоць гаспадар ні палявання не любіў, ні сабак асабліва не мілаваў; лічыў, што лепш трымаць добрую курыцу, бо знясе за год трыста яек, а хорт з'есць харчу, як добры парсюк, а карысці з яго ніякай.
Ясь мусіў аддаць пані Аксане прачытаныя кніжкі і ўзяць новыя. І пры гэтым пажадана не сутыкнуцца з гаспадаром. Зноў аканом стане вучыць жыць: як належыць хадзіць, як гжэчна смаркацца, як правільна стаяць каля паненкі... Ты не вучы жыць, дапамажы капейчынай.
Ясь успомніў пра цыдулку, схаваную ў глыбокай кішэні сурдута. «Абавязкова перадаць Аксане. Але ж што ў ёй напісана?» - мільганула спакуслівая думка. «Нельга, ты - высакародны чалавек, - паспрабаваў змагацца са спакусай, - чужыя лісты, няхай сабе і цыдулкі, чытаць нельга...» Але рукі, вялікія, нязграбныя рукі, быццам самі па сабе палезлі ў сурдут па гаманец.
4. Я - ёсць
Ясь выцягнуў паперку, затуліўся за тоўстую сасну, разгарнуў паперку і ўважліва прачытаў літары. Ніякага сэнсу. І не па-польску, і не па-французску. Хм. Стаў чытаць уголас. Прачытаў... І тут быццам кіпнем абдало! Схапіўся за галаву. Ён не паверыў уласным вачам! Можа, ён памыліўся. Яшчэ раз прачытаў. Цяпер не ўголас, моўчкі.
Выходзіла! Так! Цыдулка была напісана... на ягонай роднай мове. У гэтае немагчыма было паверыць! Ён чытаў і чытаў чатыры кароценькія словы, упершыню ў жыцці бачыў родную мову, напісаную лацінскімі літарамі, і ў душы нараджалася шалёная радасць, міласць, натхненне. Як проста і як цудоўна! Яся ахапіла млявасць, ён пахіснуўся, прашаптаў:
- Божа несмяротны! Я - ёсць!
Дагэтуль ён чытаў па-расейску, па-польску, крыху па-французску, але на сваёй роднай мове - ні разу. Выходзіла, што расейцы меліся, палякі былі, французы - і тыя існавалі, а яго, Яся, Іяана Кавальца, як і не было. Гэта так проста і так геніяльна - узяць пярыну, умакнуць у чарніла і напісаць па-свойму, па-роднаму, як гаворыш! Скажам, усяго два словы, шэсць літар: «Я - ёсьць!» Па-свойму, па-наску! На родненькай мове!
Ясю падалося, што адразу, у адзін міг ён атрымаў усе скарбы, якія ёсць на свеце. Быццам быў сляпы, а то стаў відушчы.