Літоўскі воўк | страница 64
- Адыдзіся! Адплывай! - крычаў прыстаў, адпіхваючы нагой Ясеў човен.
Весляры зразумелі, што нешта падчапілі, сталі лавіць вяроўчыну вёсламі, каб адчапіцца ад яе. Урэшце падпхнулі саж пад ніз дубка, праслізгнулі паверх вяроўкі наперад.
- Дабяруся да тваёй нюхаўкі! - устрасянуў кулаком прыстаў, у якім заціскаў рэвальвер. - Я табе яе начышчу. Будзе як новы пятак!
- Глядзіце, каб у вашэці ў самога што не заззяла часам... - прабурчэў Кавалец.
- Што ты мармычаш, хаме?! Ты яшчэ агрызаешся?
- Не, васпане, я кажу: едзьце сабе. Я - нічога. Гладкай вам дарогі...
Добра, што прыстаў падкі на гарэлку. Любую справу можна залатвіць. І шляхта, і мужыкі смяюцца: каб браў грашыма, то даўно разбагацеў бы. У іншых месцах бяруць, а тутэйшым пашанцавала на п'яніцу.
- Вяслуйце! Чаго спыніліся? Дагнаць, хутка! - зароў трубным голасам Вусаціха. - Ну хто ж так грабе! Таўчацё ваду, як таўкачамі! Вяслуйце!
Ясь зірнуў у той бок, куды паплылі ўцекачы. Толькі галовы мільгаюць за купамі падтопленай лазы... Значыць, дапамог, выходзіць - уцяклі. Няхай людзі ўцякаюць, няхай ім добра будзе. Калі і бунтаўшчыкі, падбухторшчыкі - самі адкажуць за сваё перад Богам.
3. «Магнацкі» дом
Ясь прывязаў човен да абадранай вярбы, апрануў сурдут і боты, пераклаў гаманец у сурдут, падняўся па абрыве ўверх, з гары ўгледзеў, што і лодка, і дубок схаваліся за лазой, не відаць нікога. Уздыхнуў з палёгкай і пайшоў праз стары парк да сядзібы аканома Ўрбановіча.
Старыя высозныя дубы падстаўлялі далонькі сваіх цвёрдых лістоў пад гарачае сонца. Сонечныя касулі прабівалі вершаліны, святло стаяла слупамі паміж укарэлых ствалоў, высвечвалі леташняе сшэрхлае дубовае лісце. Месцамі дубы расступаліся, і на палянах весела глядзелі жоўтыя і цагляныя кветкі сонечных дзьмухаўцоў, якія тут, у прыцемкавым парку, толькі ў жніўні і зацвіталі.
Вось між таўсцюрных дубоў відаць і панскі дом. Архітэктар крыху перамудрыў, перарабляючы колішнюю афіцыну пад прадстаўнічы будынак. Пры фасадзе, справа і злева ганка, былі пастаўлены цагляныя і затынкаваныя пад белы мармур калоны, крытыя драўлянай стрэшкай. У астатнім дом быў афіцына афіцынай, гэта значыць доўгай нізкаватай аднапавярховай будынінай. Затое вакол дома было ажно некалькі альтанак. І драўляных, і цагляных. Матэрыялу хапала - у гушчыні парку хаваўся разбураны палац - рэшткі графскай колішнасці. Ад сцен палаца адбівалі цэглу, з пакояў выдзіралі падлогі, каб дабудаваць афіцыну, муравалі, дзе трэба і дзе не трэба, калоны, утыкалі вакол дома патрэсканыя гіпсавыя скульптуры антычных багоў ды розных наядаў.