Літоўскі воўк | страница 63
Артур!.. І тут ён! З ім незнаёмец, з вусамі, барадой. Ясь паўзіраўся, каб пазнаць барадатага. Авохці! Дык гэта акурат пазаўчарашні ангелец. Але гэты - у простай кашулі і чорнай камізэльцы. Як цыган які.
Тым часам даганятары пагналі дубок на высцігі. Яны так размахаліся вёсламі, што дубок ляцеў, як птушка. Аж баранчыкі пены перад носам разляхотваліся. Неўзабаве Ясеў човен апынуўся паміж дубком і ўцекачамі. Вунь у дубку відаць тутэйшага прыстава ў мундуры з пурпуровым каўнерам, па мянушцы Вусаціха. Нежанаты і ходзіць да адной пакідухі, у якой пад носам вусікі. Таму і Вусаціха. І ён, прыстаў, Вусаціха, і яна - жанчына, таксама Вусаціха. Прыстаў як цвярозы - злосны, быццам цівун. Крычыць, лаецца. І на гэты раз злосны, пэўна ж - цвярозы. Адзежа цёмная - мокрая. Пэўна, гэта ён паміж лодак шуснуў.
- Бунтаўшчыкі! Дзяржаўныя злачынцы! - крычаў, ледзь не роў прыстаў. - Убок, прэч!
Гэта ён яму, Ясю, крычыць. Дубок падплывае бліжэй.
- Збоч, каму кажу!
«Гэта ён мне! - падумаў Кавалец. - Каму ж яшчэ?»
Хлопец стаў адвяслоўваць убок, але дубок чамусьці імчыць проста на Яся. І справа, і злева - мора вады, але грабцы ў лодцы ці не наўмысна прастуюць на яго.
- Гэй, ты! - равянуў прыстаў. - Збочвай!
Ясь паціснуў плячамі.
- Ты заадно з падбухторшчыкамі! - закрычаў прадстаўнік улады. - Я цябе заарыштую! У салдаты аддам... Вы - куды! - крычаў на сваіх весляроў. - І вас у кайданы закую! У Сібір адпраўлю!
Дубок налятаў на Ясеў човен. За вёсламі сядзелі сяляне, якіх прыстаў ухапіў, хто пад руку трапіў. Яны сядзяць і ўхмыляюцца. Ясеў човен рака зносіць якраз на ход дубка. Сяляне падымаюць вёслы, перастаюць грабці.
- Вы чаго прысталі?! - закрычаў Вусаціха, але і сам убачыў, што дубок вось-вось сутыкнецца з чоўнам. - Я табе зараз пыку начышчу!
«Гэта так?!» - мільганула ў галаве Яся, і ён так грабянуў, што човен яшчэ больш наблізіўся на ход дубка.
- Куды! - зароў прыстаў, але было позна.
Ясеў човен апынуўся папярок ходу дубка. Сяляне забілі вёсламі па вадзе, каб не ўрэзацца...
- Хам! Арыштую! - роў прыстаў.
- Пане прыстаў! - заявіў Кавалец. - У мяне маці - шляхцянка.
- Я на спіне выцырую тваё шляхецтва! Дубцамі! - роў прыстаў.
«Раві, раві, - думаў Ясь. - Пакуль размінёмся - не адна хвіліна пройдзе...»
І напраўду, уцекачам можа якраз хвіліны не хапіць, каб схавацца ў прыбярэжнай лазе, выпхацца дзе да берага... Па сушыні ўцякаць - не па вадзе.
Дубок аб'ехаў човен і, трэба ж, зачапіўся за вяроўчыну, за якую быў навязаны пусты рыбны саж. Зачапіўся, бо прытоплены саж падперла пад бок дубка. Човен і дубок счапіліся ў адно цэлае, закруціліся па цечы.