Літоўскі воўк | страница 61
- Праўда, праўда твая! - загулі сяляне. - Урэж ім, дай ім!
- Выходзіць, вы, рукі каторых у мазалях, - дзеля ўраду, а належыць наадварот, мужыкі. Урад дзеля нас каб быў, пра нас дбаў, мужыкі... Не Богам урад заведзены, але людзьмі...
- Вось рэжа праўду, дык рэжа... Яго павесіць мала, - сказаў селянін у новых лапцях, які стаяў побач з Ясем. - Узяць ды на першай асіне павесіць...
- Ціха, дайце паслухаць, - сыкнуў на яго Кавалец.
- Не, што гэта ён гаворыць?! - не сунімаўся селянін у новых лапцях. - Яго павесяць, ей-бо, павесяць. Сколецца...
- Сколецца, - згадзіўся чорнабароды, якога Ясь ужо бачыў каля карчмы. - Жандараў панаехала. Заезджы дом атачылі, у кожную дзірку зазіраюць. А гэты, бачыш, не баіцца, брэша, што той сабака, на вецер.
- ...урад трэба самім выбраць... Згодны?
Сяляне загулі, закрычалі, заспрачаліся. Спрачаліся зацята, аж за грудкі хапаліся. Кожны меў сваю праўду і сваю ж крыўду. Кожны адстойваў сваё.
- А зямля будзе? Зямлі дасцё? - разнесліся крыкі.
- Дзела не ў зямлі, а дзела ў вольнасці, роўнасці, - закрычаў агітатар. - Той самай вольнасці, якой вашыя дзеды ды бацькі здаўна ждалі...
- Нашто нам твая вольнасць! - зароў селянін у новых лапцях. - Ты нам зямлі адмерай.
- Кожнаму будзе адмерана так, як ён сам сабе намерыць, - крыкнуў у адказ агітатар.
- А пана куды дзець? Што з панам рабіць?
- З панамі разбярэмся. Калі пан ліхі - пана павесім, як сабаку! Мужык будзе кепскі - то і мужыка павесім...
- Во дае, - паківаў галавой селянін. - Сапраўдны падбухторшчык. Вісельня па ім плача, ой плача.
Шмат хто з сялян, пачуўшы словы «пана павесім», хрысціліся, пляваліся і ішлі прэч. Іх месца займалі новыя. Натоўп то менеў, радзеў, то гусцеў ад прыбылых сялян.
Кавальцу зрабілася нецікава - як гэта, падбухторваць вешаць паноў? Ды яшчэ як сабак. Паны - людзі. І ў паноў душа. Што дзяліць панскую зямлю, калі зямля не ім належыць - Богу. Не, пайду.
Паглядзеў на Манкевіцкі парк, на сонца. Час падавацца да мілай пані Аксаны. Хутчэй да яе, расказаць, што тут вось чуў. Ёй будзе цікава. Што яна думае пра вольнасць? Што скажа, як ацэніць тое, што казаў плявузгала-падбухторшчык. Напраўду, дзе паліцыя, дзе ўлада!
Праз мястэчка ў эканомію ісці не хацелася. Падумаў - ці не спраставаць дарогу чаўном па затоцы? Каля парку прывяжа човен да вярбіны, паднімецца на гару. Па вадзе бліжэй і зручней. Праўда, панскі парк вартуюць сабакі - даўганогія харты. Ат, не пакусаюць, ведаюць... Яго, Кавальца, яшчэ не пакусаў ніводны сабака. І не пакусае... Хіба што шалёны...