Літоўскі воўк | страница 60
- Што гэны пуляк па-французску праталалэхаў?
Кудліцкі пачухаў галаву і сказаў:
- Здэцца, абазваў цябе... Хіба васпан не чуў?
- Я пытаю ў васпана - як абазваў?
- Як? А так: падпускальнікам смердзюхоў... - з відавочным задавальненнем праказаў Кудліцкі.
- Бароўскі, жаба бязгубая... Пайду да спраўніка... - рашуча вымавіў Пратасавіцкі. - Я гэтага так не пакіну... Навучаць усялякую ахлямуздрыну французшчыне і выхваляюцца... Пшэкі фанабэрныя!
У той час калі на адным канцы кірмаша вялася такая гаворка, на другім, дзе ішоў гандаль лодкамі, нехта нешта гаварыў, і гаварыў так гучна, што на голас падцягваліся і падцягваліся людзі. Неўзабаве там сабралася цэлая гурма людзей. Гаварун даводзіў нешта сваё, яму супярэчылі ці выкрыквалі адабральнае. Часам натоўп узрываўся гучным рогатам.
- Што яны там сеймікуюць? - пацікавіўся пан Кудліцкі, становячыся на верхняе бервяно, каб угледзець, з-за чаго сабралася грамада.
- Мужыкі пра сваё лапочуць... - адказаў Пратасавіцкі. - Каб меней рабіць, каб болей на саломе спаць...
- І каб ніколі не ўмывацца! - падхапіў нехта з шляхцюкоў, і шляхта, задаволеная трапным, як ёй здавалася, жартам, зарагатала.
- Самыя... вы... па тры дні... не ўмываецеся, - прабурчэў загарынскі селянін. - Два паны - адны штаны!
- Што? - Падскочыла шляхта, але селянін пакрыўджана махнуў рукой і падаўся прэч.
Сталі разыходзіцца і іншыя, падаліся ў накірунку да купы людзей, што слухалі прамоўцу. Асобныя словы праз кірмашовы шум даляталі і сюды.
- Цар... Воля... Маніфест... Свабода...
- Цьфу ты, гэта ж прапаганду нехта рэжа... Супраць ураду, далібог, - вылупіў і без таго пукатыя вочы Пратасавіцкі. - Пайду паслухаю... Няўжо Варшава і нам спакою не дасць. Волі ёй захацелася, каб яе трасца.
Пан Пратасавіцкі разгірэчана падняўся з бервяна, каб таксама ісці туды, куды людзі ішлі. Пацягнуліся за ім і астатнія шляхцюкі.
Кавалец ніколі не чуў агітатараў. Развітаўся з Бароўскім і таксама пакіраваўся да натоўпу. Блізка не стаў падыходзіць, усё чуваць і здалёк. Прамоўцы, праўда, не відаць, стаяў, пэўне, у лодцы на вадзе.
- І цар, і паны - заадно, - разважаў гаварун. - Вольнасці нам ніхто не дасць, калі мы ўласнымі рукамі не возьмем яе. Што з тае вольнасці, якая абвешчана царом? Цар не пра селяніна дбае, ён мае клопат пра паноў...
- Не, цар пра мужыка дбае! - крыкнуў загарынскі чорнабароды селянін. Крыкнуў не дзеля праўды, а так, каб пазлаваць агітатара. А мо і дзеля смеху крыкнуў.
- Цар, можа, і думае пра мужыка, але да кожнага мужыка цар не дойдзе. На гэта ў яго ўрад ёсць. Урад з паноў, з чыноўнікаў, і гэтыя чыноўнікі і паны згавораныя з кім? Ну, не з мужыкамі, праўда!