Літоўскі воўк | страница 59
- Entre nous, c'est un homme perdu*, - сказаў Бароўскі, не выпускаючы Ясеву руку, быццам хлопец папускаўся біцца.
* Паміж намі, гэта згублены чалавек (фр.).
- Паўтараю: entre nous, c'est un homme perdu, - зноў сказаў Бароўскі і моцна тузануў Яся за рукаў.
Ясь глядзеў на гладка паголены твар пана Дамініка, чмыхаў носам, варушыў пялёсткамі ноздраў, астываў.
- Зразумеў? - не адставаў Бароўскі. - Ты ж вучыў французскую мову...
Ясь кіўнуў, паддаўся, адышлі ўбок.
- Схамяніся, чалавеча, - сказаў пан Бароўскі. - З кім намерыўся біцца? Адно смеху было б. Я ж кажу - гэта не высакародныя людзі, гэта чэрнь. Горшыя за мужыкоў.
То была праўда - акрамя смеху, нічога не выйшла б. Натаўкла б шляхта яго за мілую душу. Ці заступіўся б хто з мужыкоў.
- Ганарысты, як правадыр чырванаскурых... А фанабэрыя, браце, загана. Слухай, Людовік прывёз новую кніжку... Пра амерыканскіх індзейцаў... Цікавая, братка, кніга, на пачытай...
Ясь утаперыўся ў кніжку.
- Ніколі не звязвайся з імі, - павучаў пан Дамінік. - У цябе свая дарога ў жыцці, у іх - свая. Ты ганарыся, што ў цябе бацька мужык. Увогуле, усё гэта глупства, саслоўныя забабоны. Злаві мне лепей...
- Не буду я вам нічога лавіць...
- Бачыш, які ты нявыхаваны... - Пан Дамінік павярнуў Яся тварам да сябе. - Ты павінен падзякаваць мне, што ад бяды адвёў, а ты колешся, як ёрш.
- Я... Я дзякую пану...
- Во, так весялей, - Бароўскі абрадаваўся. - Я з табой даўно шукаю сустрэчы. Ты як выдатны птушкалоў маніўся злавіць мне...
- Я вам, васпане, усё, што можна было, палавіў...
- Не перабівай старэйшых, Ясю. Я вось што прашу. Кажуць, недзе ў Графскай пушчы, на балотах, ёсць востраў, на якім зверына хаваецца... Вось што мяне цікавіць...
- А я гэтага не ведаю, васпане, дзе тая прошча.
- Гэтага быць не можа. - Бароўскі строга і адначасова ўмольна паглядзеў на Яся. - Знайдзі...
- Цімох, каторага з Манкевіцкага бровара прагналі, кажуць, ведае... А я - не.
- Калі ўбачыш у той прошчы невядомую, незвычайную птушку - злаві. Богам прашу... І табе, і Цімоху птушка даецца. Ад прыроды, ад натуры... Ну, слова? Добра?
Ясь даў слова, згадзіўся, але з чым, толкам не разумеў. Усе птушкі, якія насялялі навакольныя лясы, балоты і лугі, - ад самай малой да самай вялікай, - здаецца, ужо злоўлены і вызначаны. Хіба ў прошчы недзе на балотах за Графскай пушчай можна было што ўбачыць цікавага. Але дарогі туды Ясь не ведаў.
РАЗДЗЕЛ VI. Няспраўджаны прынцып
1. Падбухторшчыкі
Калі Дамінік і Кавалец пайшлі, пан Пратасавіцкі падсунуўся да пана Кудліцкага: