Літоўскі воўк | страница 58



За Ўрбановіча можна сцярпець, але за дзядзьку Сцяпана - не. Нельга было змаўчаць, тут ужо мацуйся не мацуйся.

Ясь падышоў да Пратасавіцкага. Немалады, тоўсты, з абвіслымі вусамі, тлустым носам і тонкімі вуснамі шляхцюк фанабэрна пазіраў на хлопца. А Яся аж калаціла ад гневу.

- Ну што, гужаед?! - з выклікам сказаў Пратасавіцкі. - Біцца надумаў? Давай, атрымаеш пэндаля пад сракоўе!

Ён не раз браў чарку з тутэйшым спраўнікам, таму нічога не баяўся. Што было далей, Ясь не памятае: кроў закіпела ў ім, у вушах зашумела, і ён кінуўся на Пратасавіцкага з кулакамі.


5. Пан Дамінік


Ясь, пэўне, дастаў бы морды гэтага плюгкага шляхціца, калі б яго не ўхапіла за плячо нечая моцная рука. Азірнуўся - і адразу не пазнаў адзетага ў чорны, зашпілены на ўсе гузікі сурдут высокага пана. Хто такі?

Пан ціха, але цвёрдым голасам прамовіў, сціскаючы юнакова плячо:

- Дай сабе, хлопча, спокуй!

Ясь адступіўся, скіргітнуў зубамі, ледзь спыніўся - у вачах усё яшчэ было цёмна.

Пан звярнуўся да шляхты:

- А вам, панове, не сорамна абражаць паветра брыдкімі словамі?

Шляхта маўчала, казубілася, адварочвалася.

- У святую нядзельку параспускалі языкі? Гжэчныя людзі толькі з касцёла, з царквы ідуць, а панове, выбачайце, ужо ў карчму паспелі зазірнуць...

Кавалец прыйшоў да памяці, агледзеўся. Дык жа пан - бацька Людовіка, пан Бароўскі. Раней Ясю кніжкі даваў чытаць, а Ясь яму, вялікаму заўзятару прыроды, лавіў снегуроў, шчыглоў.

- Эх, панове, панове... І мужыку недаравальна, а вы - шляхта! Ці даўно сяляне вас дручылі за языкі? Ці даўно спраўнік кару накладваў? Не языкі, а джалы пчаліныя, стрыклы асіныя...

Ясь пачырванеў, засароміўся і ад таго, што не пазнаў адразу пана Дамініка, і ад таго, што ён, пан Дамінік, пра яго гэтак сказаў - «мужыку недаравальна». Усё ж не, Бароўскі пан з прыстойных, хоць і не такі заможны. Добра, што ў час ён тут апынуўся.

- Падстрэліць на паляванні ён цябе, ой падстрэліць, пане Пратасавіцкі, - сказаў Бароўскі. - Цюкне проста ў адтуліну ў носе... І ведаць не будуць, ад чаго сканаў... Пэўна, васпан не ў курсе, што гэты хлопец здымае качку за сто сажняў? Не? Ну дык ведай...

- Ой, злякаўся! - рэкнуў Пратасавіцкі.

- А ты, Ясю? Што надумаў? - пан Дамінік звярнуўся да Кавальца. - Ідзі за мной...

З гэтымі словамі пан Дамінік узяў Яся за руку, як дзіця, як цацунка* якога.

* Цацунок - выпестак, распешчанае дзіця.

- Яны мяне... абразілі... - усё яшчэ задыхаючыся ад гневу, вымавіў Ясь. - Мужыком, хлопам абазвалі... А я ж... Вы ж ведаеце...