Літоўскі воўк | страница 57
- Ты панам станеш? - не вытрымаў Кудліцкі. - Цьху!
І адвярнуўся ад селяніна. Наўмысна працягнуў сваю гаману:
- Не... Наша Аксанка - зграбная, як яшчурка. Аканому не па губе сала дасталося. Каб не Ўрбановіч-нябожчык, то як бы ён сваё шляхецтва давёў?
- Цішэй, меншанькі Кавалец стаіць...
- Ну і што? Хай сабе стаіць... У яго свой бацька... - азваўся на гэта Пратасавіцкі - другі пан. Шляхцюкі заўжды стараліся бараніць адзін аднаго. - Я і пры ім, Ясіку, скажу, што пан Ежы Ўрбановіч - птушка невысокага палёту. Што ўжо я з фанабэрыяй, - Пратасавіцкі крыху панізіў голас, - а ён-то зусім г... напханы.
- Не абгаворвайце брата, - рэкнуў Кавалец. Яму было непрыемна, што гаварылі пра аканома і ягоную жонку.
- О тах-тах! Брата абразілі... Якое тваё дзела?! Ты - мужык, свінячае вуха...
Шляхта загыгыкала. Ясь сціснуў вусны. Тросся жывот у пана Таўкача, што сядзеў за Столінскім борам, падрыгвала казліная барада ў пана Заціркі, што меў шмат лесу.
- Так, я мужык, але... Але... - Кавалец выступіў з-за штабеля дошак. - Але і я чалавек, і пан Урбановіч таксама чалавек. Што ж яго абражаць?
- Чалавек? Паляшук ты, а не чалавек, - рагатнуў пан Пратасавіцкі. - Як усе гэтыя, - паказаў на мужчыну з чорнай барадой.
Кавалец зачмыхаў ад гневу. Гатовы быў біцца. Але ж грэх і смех звязвацца з засцянковымі панамі.
- Яны спяць покатам на саломе... Мужчыны і бабы іхныя! Ты, Яська, скажы, мужык ты ці не?
Належала вытрымаць і гэтую абразу. Ці варта агрызацца, паказваць зубы.
- То ніц, што твая маці шляхцянка, - патлумачыў Пратасавіцкі. - Якая з яе шляхта, калі выйшла за мужыка. А як твой бацька мужык, хлоп, то і ты - хлоп. Таму стой і маўчы. Стой і не адзывайся.
Паны з шляхты самаўпэўнена ўсміхаліся. Добра Пратасавіцкі дае выспятка мужычаму сыну. Ясь збялеў, потым чырвоная, ледзь не малінавая барва пачала заліваць яму шыю, шчокі. Ён адчуў, што шалее. Яшчэ міг - кіне біцца. Яго абазвалі хлопам. Каб яшчэ селянінам - паўбяды, а то - хлопам.
- Ну, паны-браточкі, - сказаў пан Зацірка, якога стары Кавалец не раз браў высочваць барсукі. - Кавалец з даўніх баяр, скажу я вам... Колішнія дзяды іхнія біліся збройна з палком Валконскага, што з маскалёў першы на Прыпяць прыйшоў. Ім пажалавана было баярства...
- А дзе гэта напісана? - насупіўся Пратасавіцкі.
- Шукаць трэба...
- Шукаць? Дык адзін з Кавальцоў паехаў жа ў Пецярбург шукаць сваё баярства... І гужаедам стаў...
Гужаеды - была мянушка Кавальцоў. Адзін з Ясевых дзядзькоў - бацькаў брат Сцяпан - і напраўду паехаў у паўночную сталіцу імперыі, але ніякай праўды - без грошай, без падтрымкі - не дабіўся. Пазнаў ліха. Мусіў быць гарадскім фурманам, якіх на той час дражнілі гужаедамі. Пабедаваў там, пакуль на капейку ўзбіўся - назад вярнуцца. Прыехаў і каб маўчаў, то ніц не было б, а то стаў хваліцца, што цара самога бачыў. Ад зайздрасці людзі і прыляпілі гужаеда.