Літоўскі воўк | страница 53



Ясь прыгладзіў на шырокіх маладых грудзях выбеленую сонцам ляновую вышыванку, кінуў світку ў дубок, адштурхнуўся вяслом...

- Ты, сынок, на людзях будзь рахманы... - папярэдзіла маці. - Не маніся ні перад кім, што мы - шляхта. Якая ўжо мы шляхта...

Юнак кіўнуў галавой:

- Добра, мамо...

- Абяцаеш? Ну, Бог табе ў помач. Сурдут і боты ў мяху...

Сядзіба Кавальца аточвалася з трох бакоў ракой. У вялікую ваду апыналіся рыхтык на востраве. Тут зручна, хоць ворыва і няшмат, дзесяцін сем, але рэшта зямлі лічы што твая. Тут і ляску дзесяцін пятнаццаць, грудковага лугу гэтулькі. І ніхто не перамерае, не адрэжа, бо наўкола балота, старыцы. Прывыклі. Калі лета сухое, нават проса на ўзбалотку сеюць. І вырасце. Тут і сам вырас, як тое Божае проса... Быў Ясюлечкам, матчыным выпесткам, потым стаў Ясюком, далей - Яськам. Цяпер вырабіўся на Яся.

Ад вялікага палатнянага меха несла чэмерам. Кладуць карэнішчы, каб моль не паела сурдут, а жукі-кажаеды не ўсмакавалі боты. Боты ўзяў, бо пойдзе да пані Ўрбановіч. Кніжкі дае. Каб толькі яе мужа аканома, брата свайго, не сустрэць. Не любіць з ім сустракацца. Такі фанабэрны - жах. Без сурдута не паказвайся. А свой жа! Ажанчэлы вырабіўся, распешчаны раскошай. Апошнім часам увогуле на расейца наламваецца... Брат... Брат слова па-людску не вымавіць, га-ва-рыт ды гаварыт... Хоць бы ўжо пшэкаў...

На адкрытай вадзе зрабілася ветрана. Надзеў світку. Світка бацькава, новая, але ўжо з латкай на локці і вялікага зайздроства не выклікала. Але, як кажуць, мілая латка і ад роднага таткі. Хлопцу хацелася пахарашыцца, ды не перад панамі ці паненкамі - перад вясковымі дзяўчатамі.

Выплыў на вялікую ваду, убачыў блакітны купал царквы на Манкевіцкай гары - так называлі высокі бераг Гарыні, на якой стаяла мястэчка, - пагнаў човен штуршкамі вёслаў да супрацьлеглага берага. Во дзе радзіма... Рачны прастор, рака, якая з вясны яшчэ не ўвайшла ў берагі. Быць тут, жыць тут, векаваць... Толькі тут, на радзіме, жыццё можа быць поўным, насычаным, расфарбаваным. А няволя? Край забраны? Гэта яшчэ варта паглядзець, ці няволя, ці край забраны... Гэта ўсё панічам няймецца, нейкай волі хочацца. Рабіць няма чаго, ад кніжак усё то, ад нядобрых... То д'яблавы папусканні. А ты любі гэты ўквечаны бераг, сінечу неба... Уночы - россыпы густых зорак. Не, такіх зорак няма нідзе на свеце, так Сахачы - Вялікая Мядзведзіца, не ззяюць нідзе. Пабыў, пабачыў... У Маскве ўсё іначай - і людзі інакшыя, і неба высачэзнае, нямілае. Тут - мілей, бо ўсё сваё, вядомае...