Літоўскі воўк | страница 52
Артур насупіўся, падняўся і пайшоў у пакоі. Надта важныя госці - жандары. Праз прачыненае акно чуў, як капітан Фогель - ліса хітрая - гаворыць з распарадчыкам Цімохам.
- Прымайце госцяў! - гучна выклікнуў капітан, чапляючы вуздэчку за шула. - Ці можна бачыць памешчыка Буевіча?
- Пан спіць... Крыху буяніў... А цяпер спіць, - нягучна адказаў Цімох.
- Падымайце пана! Пытацьму пра бунтаўшчыкоў.
- Якія бунтаўшчыкі, ваша благародзіе, зроду не было ў нас бунтаўшчыкоў.
- А мне паведамілі, што тут бунт!
- Няпраўда, ласкавы пане, няпраўда...
Артур бачыў, што выгляд у жандара зрабіўся змоўніцкі.
Капітан падаўся да распарадчыка і як бы абыякава прамовіў:
- Па навакольных вёсках выяўлена «Мужыцкая праўда». Чулі пра такую?
- Ніякай такой мужыцкай праўды не ведаем, васпане...
- Бунтаўшчыкі яе чытаюць... Па-тутышняму пісана, польскімі літарамі...
- Чытаць, васпане, зроду не чытаем. Не навучаны... Ды яшчэ, барані нас Божа, польскімі літарамі. Куды нам... - адхрышчваўся Цімох.
- Ну добра, вядзі да пана...
«Не хачу сустракацца з гэтым суконным рылам...» - падумалася Артуру. Ён прыхапіў кайстру, з якой не расставаўся апошнія дні, пайшоў і зачыніўся ў сваім пакоі.
Але Цімох прывёў капітана Фогеля не да бацькі, а да яго. Давялося прымаць няпрошаных гасцей. Артур загадаў пусціць жандарскіх коней на поплаў, афіцэра і ягоных памагатых накарміць і пакласці ў пуню спаць на свежым сене.
- Угэ, - згадзіўся Цімох. - Людэй і конэй шкодоваты трэ, хіба воны е вінавайцы?
Жандар залыпаў вачыма, не зусім разумеючы. Артур есці разам з жандарам, якому як афіцэру сабралі стол у залі, не стаў, спаслаўся на стомленасць, кепскую ноч пад карчмой, пайшоў распарадзіцца знайсці майстроў рамантаваць ландару. Пасля зачыніўся ў пакоі, сеў за стол і на кавалачку паперы напісаў: «Jość patreba sustrecca».
3. Сядзіба Кавальца
У першую ж нядзелю пасля прыезду з Пінска Ясь Кавалец выбраўся на кірмаш у Манкевічы. Рыбаку і паляўнічаму, яму было што прадаць. Паўкідаў у човен нашыхаваныя звечара торбы з нізкамі і дубцамі сушаных грыбоў і ўюноў, дастаў з кія на печы футры баравых куніц, якія ніяк не мог збыць яшчэ з зімы, прычапіў да чоўна саж з жывой, не снулай рыбай.
- Ты ж мёду забыўся... - падказала маці.
- Ага...
Прынесла кадаўбец. Старэнькая яна, любая матулька... На што ні пайшла дзеля дзяцей пасля страшнага закалату 30-х гадоў. Завязалася яшчэ раней, калі паганы карсіканец падмануў цэлы край, абнадзеіў, што будзе адноўлена Рэч Паспалітая. Паверылі - і падмануліся... У 30-я пазбаўлены маёмасці, шляхецтва... А што казаць пра тых, хто проста склаў галовы. Матуля адна засталася з маленькім дзіцем на руках. Каб выжыць, пайшла замуж за мешчаніна, Кавальца. Усё зрабіла, каб вывесці ў людзі старэйшага, з першага шлюбу, сына. Ежы вучыўся ў Пецярбургу, у вучылішчы правазнаўства, здаваў экзамены экстэрнам, скончыў з адзнакай. Па выхадзе атрымаў чын і месца ў Міністэрстве юстыцыі. Але доўга там не праслужыў, не захацеў валачы ўсё жыццё чыноўніцкі хамут, пераходзіць з чыну ў чын. Яго не проста пацягнула на радзіму - меў свае планы. Некаторы час служыў у менскім губернскім судзе, потым, калі шляхта зрабіла дастатковую пратэкцыю, а таксама завяліся грошы, каб зрабіць куку ў руку каму належна, стаўся распарадчыкам Манкевіцкай эканоміі, якая належала казне. Пасля гэтага зводнага брата як падмянілі. Што ж, з ваўкамі жыць - па воўчы выць. Вось так і жывуць - ён сабе, яны з маці, з бацькам - сабе.