Літоўскі воўк | страница 51



Паўз балота выйшаў на палетак, а там рукой было падаць да роднай сядзібы. Галасілі валасянкі, крэкалі жабы. Мілы і родны кут. Тут прайшло дзяцінства, разам з сялянскімі дзецьмі беганы-перабеганы ўсе гэтыя палеткі, а кожнае балотца перамацана рукамі ў пошуках уюноў і карасёў...

На надворку было шматлюдна. Стаялі хто з косамі, хто з дрынам. Артур устрывожыўся, паскорыў хаду. Яго заўважылі здалёк, некаторыя сяляне пайшлі насустрач, бабы сталі прыгалошваць.

- Што, бунт? - спытаўся ў першых, хмурых і злых, мужчын.

- А панічу, а родненькі! Нарэшце з'явіўся! Бунт, панічу, бунт!

- Што?! - Артур пагрозліва нахмурыўся. - Хто бунтуе? Чаго?

- Пан бунтуе...

- Хм, а дзе пан?

- Пан спіць, будзіць нельга. Як прачнецца - пачне зноў бунтаваць.

- Хто распарадчык?

- Няма, васпане... Хто без грошай хоча працаваць?..

- А гэта хто? - Артур паказаў на Цімоха, які стаяў збоку ад сялян.

- Гэта, пане, і ёсць новы распарадчык... Вы ж яго ведаеце... Манкевіцкі ён, Цімох, што з бровара вытурылі...

Цімох, як пачуў, што пра яго гаворка, сцягнуў шапку.

- Ідзі сюды, - раззлавана сказаў Артур. - Ты чаго тут?

- А паночку, а родненькі, - кланяючыся, пачаў прасіцца Цімох. - Куды ж мне падзецца? Не праганяйце... Ваш тата дабрадзей...

- Ціха! - спыніў Артур Цімоха.

Непрыемнае пачуццё нехарошасці і нейкай жыццёвай несправядлівасці варухнулася ўсярэдзіне.

- Што, бацька п'е?

- П'е, панічу, яшчэ як... Не п'е, а трубіць... І ўночы, і днём п'е. Спасу няма.

Цімох вырачыўся на Артура і чамусьці няўцямна раскрыў рот. Нейкая раптоўная здагадка варухнулася ў яго галаве. Голас Артура рыхтык падобны на нечы такі знаёмы голас.

- Дзе тата зараз? - спытаўся паніч.

- Спіць. Не будзіце, майце ласку, васпане. Самі ведаеце.

Бацька спаў, спаў і Стасік. Артур абышоў службы. Непарадкаў вялікіх няма, але... Сама атаву касіць, рыжэць пачынае, а касіць няма каму. Сяляне ўвіхаюцца каля свайго. Увогуле з гэтай гаспадаркай нешта не так. Бацька глядзіць за ёю налётамі. Ды і ці выціснеш ты грошы з гэтай нішчымнай зямлі... Працаваць належна, рукі прыкласці да зямлі. Ды і вельмі многа той зямлі.

Пайшоў у дом - доўгую драўляную будыніну з тоўстымі калонамі-бярвеннямі пры фасадзе, які падпіралі нешта падобнае на адкрыты балкон, на якім, па задумцы архітэктара, шчаслівы гаспадар мусіў піць гарбату і пазіраць на «тучныя нівы і шчаслівых дбайствам добрага пана сялян»... На тым балконе ніхто ніколі не сядзеў: цяжка давалася капейка, цяжка вучылася...

Артур выйшаў на ганак, сеў. І тут зноў, у каторы раз за мінулыя суткі, пачуў звон цугляў. Глянуў - так і ёсць, да маёнтка прастуюць жандары. Капітан Фогель і двое падначаленых. Рэшта, пэўна, паехала за ландарай. Будуць сачыць за паненкай.