Літоўскі воўк | страница 45



Гімназісты таксама думалі кожны пра сваё. Людовік меркаваў, што ў краі рыхтуецца без іхняга, моладзі, юнакоў, ведама нешта надзвычайнае. Цяпер яны, хлопцы, зрабіліся саўдзельнымі гэтаму надзвычайнаму. Стасік падлічваў, якіх грошай можа каштаваць скрынка зброі і адкуль такія грошы ў брата. У кожнага ў вушах стаялі апошнія словы Буевіча-старэйшага: «Эўропа нам паможа...»


4. Радаводнае дрэва


Поўня залівала нізкарослыя альховыя кусты бледна-зялёным, быццам мёртвым, святлом, часам хавалася за хмаркі, і тады рабілася цёмна і страшна. Конік адчуў, што хутка будзе канец ягоным пакутам, і ступаў спрытней. І сапраўды, праз якую гадзіну забрахалі сабакі, з'явіліся шэрыя ў дасвецці стрэхі хат. Ясь свіснуў пугай, сабакі змоўклі, і неўзабаве, праехаўшы невялікую вёску, вазок уехаў на гаспадарчы двор маёнтка памешчыка Буевіча, Стасевага бацькі.

У двары звыклы беспарадак - там і там стаялі вазы з паднятымі аглоблямі, паўсюль шапацела пад нагамі салома, шмыгалі туды-сюды шматлікія каты і сабакі, цяжка ўздыхалі валы, якія ляжалі каля выдзеўбанага з дрэва карыта.

Людовік злез з вазка яшчэ ў вёсцы, пайшоў пешкі дахаты - маёнтачак Бароўскіх за вярсты чатыры. Змораны Стасік, не развітваючыся, - вядома, нацягаўся цяжкай скрыні, - пайшоў у дом, недзе ў свой пакой, падрыхтаваны да ягонага прыезду.

Кавалец пахадзіў па двары, паслухаў, як жавалі жуйку валы. Вось у доме запалілася святло, пачуліся галасы. Але ніхто не выйшаў, не паклікаў яго, Яся Кавальца, ні павячэраць, ні спаць.

Поўня схавалася за кучавыя воблакі, зазвінелі камары - навалакала на дождж.

Ясь крыўдзіцца не стаў. Што з таго, што гаспадар маёнтка - пан Буевіч - ягоны дзядзька? Адпаведна - Ясева маці стрыечная сястра пана Буевіча. Ейнай доляй было з шляхты выйсці замуж за мужыка. Вядома, страціла шляхецтва. Буевіч абяцаўся ўсынавіць Яся, каб карыстаўся прывілеямі шляхетнага стану. А ці патрэбны яму, Ясю, тыя прывілеі? Гэта ягонаму зводнаму брату, матчынаму сыну ад першага шлюбу, цяперашняму манкевіцкаму аканому, тыя прывілеі вой як прыгадзіліся. Яго ўсынавіў колішні муж пані Цэцылі, цяпер ужо нябожчык - пан Урбановіч. Усынавіў, прозвішча даў, царства яму нябеснае...

Ежы вучыўся, калі з'явіўся на свет Ясік. Ежы стаў служыць, выслужыўся, змог ад самога менскага губернатара дамагчыся пасады распарадчыка казённай эканоміі. Ежы хацеў дапамагаць Ясю, калі той згодзіцца, каб яго ўсынавіў пан Буевіч, але Ясь не хацеў і слухаць, што стане яшчэ нечым сынам - ён сын Кавальца, мешчанчука, нядаўняга селяніна, і ўсё тут. Не адварочвацца ж ад роднага бацькі!