Літоўскі воўк | страница 46



Калі ў доме пагасла святло, дастаў з заўсёднай паляўнічай кайстры падсохлую лусту хлеба, умалоў, папіў са студні вады, якая патыхала балотам, нацягаў у вазок саломы, зашыўся нагамі, накрыўся сурдутам. У вазку звыклей, прасцей. Зрэшты, пасцелю ў маёнтку Буевічаў яму зроду не прапаноўвалі.


5. Буяны пан


Раніцай Ясь прачнуўся ад уладнага воклічу:

- Гэй, Цімох! Дзе людзі?

Ясь высунуў галаву з-пад сурдута. Даўно развідняла, сонца паспела добра абсушыць расу. Валы пайшлі на пашу, дваровыя сноўдаліся паміж крывабокіх свірнаў.

- Цімох, дурная твая галава, дзе людзі?

Крычаў сам пан Буевіч. Ён стаяў на ганку дома, жываглядна раскудлачаны, у малінавым атласным халаце, у турэцкай фесцы. Пан панам.

- Чаму людзі не прыйшлі? - зноў равянуў гаспадар маёнтка.

З-пад свірна - спаў там - паказаўся Цімох, якога Буевіч нядаўна прызначыў за распарадчыка. Аканома ў Буевіча не было - чым аканомстваваць, калі гаспадарка зводзілася. Уласна, гаспадар з Цімоха ніякі - стрэльбачку любіў, а разам з ёй і чарачку. Ніхто не ведаў, за якія заслугі валацуга Цімох абласканы панам. Падазравалі нават, што гэты прайдзісвет ці не ачмуціў гаспадара.

- Каму казаў склікаць сялян? - пагрозліва спытаўся Буевіч. - Дзе людзі?

На Кавальца Буевіч не звяртаў увагі, рыхтык яго і не было. Цімох ішоў да ганка і на хаду выбіраў салому з барады. Перад самым ганкам згорбіўся, уціснуў галаву ў плечы, аблавушку скамячыў у руках і прасільна-прыніжаным тонам праказаў:

- Ласкавы пане, з бліжэйшых вёсак прыйшлі, а з далёкіх - на падыходзе.

Насамрэч з-за пабудоў паныла вызіралі некалькі сялян.

- Як не прыйдуць - галавой адкажаш! - прыгразіў пан, пачухаў пад пашкамі, паглядзеў на неба, павярнуўся і знік у доме.

- Атаву людзі косяць, а ён маніфестацыю ўздумаў, - гучна прабурчэў Цімох і рашуча насунуў на лабэшнік шапку.

Буевіч зноў паказаўся ў дзвярах.

- Гэй, ты. Скажы Мікіту, каб квасу прынёс!

Цімох зноў сарваў аблавушку.

- І каб болей прынёс, - дабавіў Буевіч. - Надта ў яго квас хвайны...

Цімох насунуў шапку, павярнуўся.

- Свой трэба мець, а то ўсё Мікіта ды Мікіта, - прабурчэў ён, калі праходзіў каля Ясевага вазка. - Прасіць сорамна.

Тут позірк Буевіча ўрэшце зачапіўся за вазок і Яся ў ім.

- О! Каго ж я бачу! - радасна крыкнуў памешчык. - Гляджу, думаю - дваровы... А гэта ты, Ясечка!

Буевіч шырока расставіў рукі і пайшоў да Яся.

- Дарагі сваяк, радак! Кроў! - крычаў ён, падыходзячы да вазка. Пантофлі ў пана з форсам, таксама турэцкія, з загнутымі ўверх насамі. - Ну вылазь ты са сваёй бярлогі, ну абдыміся з дзядзькам...