Літоўскі воўк | страница 44



- Маеш рацыю, - уздыхнуў Людовік. - Ты яму як парабак. Грошы ён грабе лапатай. Гаспадарку трымае з розумам. Там рубель, там капейка... Цяпер мэблю з лазы, кажуць, пачалі гнуць... Такія крэслы выгібаюць - залюбуешся... У Маскве ды Варшаве нарасхват. Ідуць, быццам венскія.

- Калі што - адкупіцца, - разважаў услых Стасік. - Дасць куку ў руку гэтаму вусатаму афіцэрыку, жандару, а спраўнік у яго даўно куплены. Слухайце, ці праўду кажуць: Урбановіч скарб знайшоў? У падмурках графскага палаца. Цэлую скрыню залатых дукатаў.

- Ты бачыў хоць адзін? - спытаўся Кавалец.

Стасік прамаўчаў. Пайшла цвярдзейшая дарога, неўзабаве колы сталі грузнуць у пяску. Конік ледзь перастаўляў ногі. Ландары не было відаць - ад'ехала далёка наперад.

Пацягнула туманам, сыромляй, і хутка сярод хмызняку паказалася рака ў нізкіх берагах. На яе паверхні затанцаваў адбітак поўні.

- Тут зварочваць, Людовік? - спытаў Ясь і без адказу пацягнуў лейчыну на сябе.

Выехалі на парытую бабрамі грэблю, і неўзабаве конь стаў як укапаны.

- Давядзецца несці, - сказаў Ясь, палазіўшы перад канём. - Тут прамывіна нейкая...

Знялі скрыню з вазка і панеслі ў канец грэблі, дзе віднелася будыніна з чорнай дзіркай праламанага даху. Гэта і быў млын.

- Я не засну, калі не даведаюся, што ў гэтай скрыні, - прамармытаў Стасік, цягнучы скрынку. - Жаба есць ад цікаўнасці.

- Ты брату не верыш? Сказаў, што там...

- Калі на свае вочы не ўбачу, не паверу. Арцік можа выдумаць, ого-го!

- Гэта ты пра сябе?

Але цікавасць брала верх. Намыслілі паглядзець, што ж у скрынцы. Доўга важдаліся, каб падняць вечка. Ясь завіхаўся з сякерай. Урэшце вечка паддалося. Памацалі, бо ў млыне было цёмна, змрочна - у скрыні роўненькімі радамі ляжалі цяжкія, вайсковага ўзору стрэльбы. Узялі па адной, вынеслі на месяц.

- Ангельскія штуцэры... - вызначыў Бароўскі. - Яшчэ змазаныя. Пэўна - проста з факторыі. Ангельцу не хапіла б ніякіх фунтаў адкупіцца, каб жандары трасянулі гэтую скрыню.

- Ангельцу? - здзіўлена шапнуў Стасік.

- А то не. Ды і які ён ангелец? Ён такі ангелец, як я... іракез. Ты чуў, як ён «р» гаворыць?

- Таксама мне знаток ангельскай мовы, - не згаджаўся Стасік. - Маўчаў бы лепей - гэта ангелец чыстай вады. Я на ўласныя вочы бачыў ягоны пашпарт. Ён Фогелю, капітану, паказваў.

- Такіх пашпартоў я табе надрукую на ўсю губерню. Кожнаму сабаку.

Адзін Кавалец маўчаў. Скрынка вайсковай зброі азначала адно - закалат. А разам з ім - страшэнную небяспеку. З жандарамі, колькі іх там ёсць, яшчэ можна справіцца, але цар нашле сюды такое войска, што стануць у лесе каля кожнай бярэзіны. Ён бачыў Маскву і ўяўляў, якая колькасць людзей у расейцаў можа быць. А гэта страшна, калі каля кожнай сасны ў бары, каля кожнага куста паставяць аднаго ўзброенага маскаля. Кавалец адчуваў сябе ўтульна, бяспечна толькі ў лесе, калі яго ніхто не бачыў і ён ведаў, што яго ніхто не бачыць.