Літоўскі воўк | страница 43



- Чыя скрыня? - спытаўся Стасік. - Не ангельская?

- Вядома, не... - адказаў Артур.

- Хіба тады Ўрбановіча?

- Навошта табе ведаць? - раззлаваўся Артур. - Вязіце скрыню на Стахавецкую грэблю. Да старога млына. Схавайце пакуль там.

- У гэтай скрыні - тэлескоп, а ў той скрыні? - не ўцярпеў і Ясь Кавалец.

- Табе важна, Ясю? - паглядзеў на яго Буевіч. - Ляпнеш каму і падвядзеш нас... мяне пад такі манастыр...

- Каго - вас? - спытаўся на гэты раз Бароўскі. - Увогуле, спадар Артур, ты... вы яшчэ ў Пінску маніліся расказаць тое-сёе пра палітыку...

- Маніўся - дык і раскажу, - адказаў Буевіч-старэйшы. - Бачу, без тлумачэнняў не абысціся... - Ён уздыхнуў. - Слухайце. Спачатку вазьму з вас клятву, што нікому ніколі, ні пры якіх абставінах не раскажаце тое, пра што даведаецеся...

Юнакі маўчалі.

- Ну? - павысіў голас Артур.

- Клянёмся, клянёмся, - бязладна, на розныя галасы пакляліся хлопцы.

Буевіч-старэйшы сабраў іх у гурток, галава да галавы, абняў і стаў шаптаць.


3. Сякія-такія здагадкі


Артур пайшоў паперадзе ландары. Часам на поўню наплывала хмара, і тады рабілася так цёмна, што хоць на ваўка садзіся. Вазок цягнуўся за ландарай, хлопцы ішлі абапал вазка, бо конік за дзень даўся і ўжо толькі рабіў выгляд, што ён усё яшчэ жвавы.

Ішлі некаторы час моўчкі. Усё, што здарылася - жандарскі вобыск, і клятва, і нашаптаныя словы Буевіча-старэйшага, ляжала на душы невыразнай, не зусім асэнсаванай радасцю, урачыстасцю далучэння да нечага грандыёзнага, сапраўднага. Першым не вытрымаў нематы Стасік.

- Выходзіць, - сказаў ён, - мы ўдзельнікі інсурэкцыі?!

- Мо і так, - вяла адазваўся Людовік. - Толькі ты не кажы гэтак. Сказана - канспірацыя! Ніц не кажы, праўда, Ясю?

Кавалец прамаўчаў.

- Арыштуюць, не? - спытаўся Стасік.

- Каб нам паваротку на млын не прамінуць, - пераіначыў тэму Людовік. - Ясь, ты як паляўнічы, добра ў цемнаце бачыш, то ўзірайся.

- Яе не прамінеш... - адгукнуўся Кавалец. - Там пясок, з балота калі выедзем. Праваждаліся з трубой гэтай. Каб не жандары, дома даўно поліўку сёрбалі...

- Дык арыштуюць?! - нецярпліва, ні да каго не звяртаючыся, спытаў Буевіч-малодшы.

- Каго? - здзівіўся Бароўскі.

- Ежы Ўрбановіча... Праз кулі?

- Якія гэта кулі? - абурыўся Людовік. - Урбановіч пра сваё дбае. Яму да непадлегласці краю, не пры Ясю будзе сказана...

- Кажы, кажы, - падбадзёрыў Кавалец Людовіка. - Аканом мне хоць і брат па матцы, але дужа запанеў... А як чалавек запанее, то гэта ўжо напалавіну чалавек... Чулі, што Артур казаў пра роўнасць? Няма дваран... Ён мне хоць і брат, але няроўня... А раз няроўня, то якое братэрства можа быць...