Літоўскі воўк | страница 42



- Дайце і мне зірнуць, - сказаў Буевіч.

За ім у чаргу сталі Стасік, Бароўскі, Кавалец, некалькі жандараў, але жандарскі афіцэр не адыходзіўся, усё круціў ручкай наводкі на рэзкасць...

- Ах, Божа ж ты, Божа! Ваісціну Тварэц! Колькі жыву, такога не бачыў... Там жа горы! Сапраўдныя горы, даліны...

Ад захаплення жандар расчырванеўся. Зноў глядзеў на месяц то проста вачамі, то ў тэлескоп, вохкаў, цмокаў...

Нарэшце адышоўся, дастаў насоўку, стаў чысціць нос, смаркацца. Гэтым часам па чарзе зірнулі ў тэлескоп Буевіч-старэйшы, Стасік, Бароўскі, а Кавальца цікаўныя жандары сілком адцягнулі ад тэлескопа - ён глядзеў, глядзеў і не мог наглядзецца. А калі адцягнулі - на вачах хлопца макрэлі сцежкі ад слёз. Потым глядзела паненка, потым па чарзе жандары, зноў Кавалец. Падышоў глянуць і фурман ландары. Глянуў і адхіснуўся - спужаўся, схапіўся за галаву. Вось чаму развохкаўся жандарскі афіцэр! На месяцы, як на зямлі...

- Пэўна, там і балоты, там і рэкі... - прамовіў Кавалец.

І доўга яшчэ глядзелі на Палескім тракце пасярод балота ў тэлескоп жандары і спадарожныя, наводзілі то на зоркі, то на месяц, то шукалі Венеру, Марс, Юпітэр...

Навокал кракталі жабкі, дралі горла драчы, на далёкіх, забытых Богам хутаранскіх палетках галасілі перапёлкі, свісталі крыллем у звечарэлым паветры дзікія качкі, а над усім гэтым уладарна ўсходзіла чыстая, раўнакруглая, цяпер ужо ўся белая царыца-поўня.


2. Кляцьба


Жандары паўзбіраліся на коней, паехалі недзе на Пінск. З вобыскам нічога не выйшла. Праўда, афіцэр набраў у кішэню свінцовых шарыкаў. Патлумачыў - спытае пры выпадку ў манкевіцкага аканома, на якую халеру патрэбна такая процьма свінцу.

Было позна. Моцная поўня адблісквала ў прыдарожных балотцах. Недзе далёка ў альховых лясах вухкалі-рагаталі пугачы. Чужапанец стаў складваць тэлескоп, нешта сварыўся, лапатаў па-ангельску. Гаварыў так хутка і неразборліва, што гімназісты разумелі толькі асобныя словы. Артур Буевіч разводзіў рукамі - што паробіш! Разгневанасць ангельца разумелася і без тлумачэнняў - позна. Гэта ж так затрымацца! Уночы ехаць па такой дарозе немагчыма, давядзецца начаваць. Але дзе начаваць сярод балота?

Падарожныя сталі раіцца, што рабіць. Намерыліся праехаць колькі вёрст, каб дабрацца да Лэйбы.

- Who is Leyba? - пацікавіўся ангелец.

- Карчму трымае на распутку. Гэта каля Рухчы, - адказаў Буевіч па-ангельску. - Там і заначуем... Раніцай як выедзем, да Манкевічаў рукой будзе падаць.

Калі ангелец і паненка пайшлі да ландары, Артур даў каманду выцягнуць схаваную скрыню.