Літоўскі воўк | страница 41



Капітан саскочыў з каня.

- Дык пытаюся - чыя скрынка?

Хлопцы паціснулі плячамі.

- Твая? - насупіў бровы жандар, гледзячы на Яся.

Вядома, ён ведаў, чыя скрынка, - увесь груз належаў Урбановічу, але хацелася прычапіцца.

- Не-е, - адказаў Ясь. - Таго спадара з ландары, чужапанца.

Жандар пастукаў дзяржальнам плёткі па вечку, абышоў вазок.

- «Спадара з ландары», - перакрывіў Яся. - Падыміце вечка...

Стасік ад хвалявання чамусьці засвістаў, Людовік стаў натужна кашляць. Адзін з жандараў палашом падкалупнуў дошку. Юнакі, усе трое, перазірнуліся. Вечка вось-вось падымуць... Што будзе? Калі там зброя, тады Ўрбановіча і Артура... арыштуюць. Несумненна, яны ўдзельнічаюць у нейкай змове, пэўна - у інсурэкцыі... Гэта - Сібір...

Пад вечкам было грубае сукно, пад сукном - укручаныя ў вашчоную паперу бліскучыя прычындалы, складзеная трынога, футаралы. І паўсюль насыпаны вылітыя са свінцу шарыкі.

- Хм, - здзівіўся жандар, пакручваючы ў пальцах шарык. - Гэта што? Куля? Га?

Студэнты і Кавалец паціснулі плячыма. Тут падышоў да вазка Буевіч-старэйшы.

Жандар спытаўся ў яго, што ў скрыні. Буевіч таксама паціснуў плячыма.

- Гм, раз гэта вязуць пану Ўрбановічу, гм, - сказаў жандар са сваім звыклым гмыканнем, - гэта нешта павінна быць. Але што? Наколькі хапае мазгоў, рыхтык нейкая аптычная прылада... Навошта свінцовыя шарыкі? Хм, ці, можа, машынка якая для хуткаснай страляніны... Паклічце сюды гэтага брытанскага аўсаеда!

Прыйшоў і ангелец, а за ім паненка. Буевіч пераклаў ангельцу, што пан афіцэр патрабуе тлумачэнняў, што за прычындалле ў скрыні. Чужапанец раззлавана стаў нешта гаварыць.

- Калі я не зразумею, што гэта, канфіскую! - заявіў капітан Фогель.

Артур пераклаў, ангелец забурчэў, дастаў са скрынкі трыногу, раскарачыў яе, прыладзіў наверх трубу, прышрубаваў ручку, уставіў у вялікую трубу меншую, прыкруціў да яе знізу бліскучую штучку з футарала. Накіраваў трубу на паўднёвы захад, дзе светла-залатым карасём выплывала з зялёна-блакітнай мулі вячэрніх нябёсаў поўня... Ангелец доўга круціў колца на бліскучай штучцы.

- Please... - жэстам прапанаваў капітану паглядзець у трубу.

Жандар, як звычайна не хмыкнуўшы, зазірнуў у акуляр, зморшчыў нос, зірнуў на тое месца, куды толькі што глядзеў праз трубу. Зноў прынік да акуляра. Дзіўны меў выгляд - увесь утрапёны ў адно, толькі вусікі тырчэлі. Вось жандар працягнуў руку, не адрываючыся, мацнуў паветра.

- Гм, - праказаў, варушачы вусамі. - Месяц дзіравы, як сыр. Ямкі на ім, уга-га!