Літоўскі воўк | страница 40
- Jestem kobietą. Panowie nie rozumie?
Ангелец паціху абураўся, раззлавана сакатала паненка. Капітан Фогель махнуў рукой падначаленым, што азначала адбой ператрусу.
РАЗДЗЕЛ IV. Даю вам волю
1. Бажэсцвенны інструмант
Тым часам Стасік дайшоў да вазка і па-змоўніцку абвясціў:
- Жандары новыя! Нікога не пазнаў... Вусаты капітан робіць вобыск. Будуць адкрываць і гэтыя скрыні. - Стасік пастукаў кулаком па вечку. - Артур сказаў, каб мы ў твань цяжэйшую закапалі. Толькі скрытна... Спачатку во гэтую, а другую скрынку - потым. Барзджэй толькі...
Сказана - зроблена. Скрынку завалаклі за хмызы, знайшлі мокрае месца і прыхавалі - прыкідалі гразёю, прыграблі лісцем. Цягалі-шчыравалі Бароўскі і Кавалец, а Стасік цікаваў, каб не заўважылі жандары...
Калі цягнулі скрынку, разумелі, што можа быць у ёй. Ні на секунду не сумняваліся, што там - зброя. І для чаго гэтая зброя, таксама ведалі.
Толькі паспелі Буевіч-меншы і Бароўскі вярнуцца з хмызоў, як пад'ехалі жандары. Другую скрынку схаваць не паспелі.
- «Здравствуй, племя младое, незнакомое». Чые будзеце? - весела крыкнуў жандарскі афіцэр.
Ён выглядаў вясёлым - чаму не павесялець пасля добрае, прыязнае пачосткі.
Гімназісты паназывалі імёны. Кавалец змаўчаў. У зношаным сурдуце з касцянымі патрэсканымі гузікамі выглядаў Бог ведама на каго.
- А гэта... чый чалавек? - спытаўся жандар у гімназістаў.
- Я не чый чалавек, - запярэчыў Ясь, - я - Іяан Кавалец.
У голасе юнака прагучэлі і гонар, і крыўда. Жандар ажывіўся, угледзеўся ў хлопца.
- О-го! Якая фанабэрыя! Іяан?! Ці не сынок таго Кавальца, што ў казённай пушчы гаспадарыць... - Міна добразычлівасці сышла з твару капітана Фогеля. - Знайду я на вас управу...
- Чым васпана ўгневаў? - коса зіркнуў Ясь.
- Паглядзіце на яго. Зіркае, як воўк. Думаеш, калі маці твая шляхцянка, то маеш права так зіркаць?
Конь пад жандарам крутануўся, і мусова было тузануць жывёлу за ўздэчку. Ад гэтага конь ледзь не стаў на дыбкі.
- Тпру! Халера, - крыкнуў капітан, асаджваючы каня. - Не забывайся. Ты - селянін. Да нядаўняга твой бацька лічыўся халопам пана Ліпскага...
- Яшчэ невядома, чыім халопам вашыя...
- Што-о?! - равянуў жандар, і Кавалец асекся. - Глядзі ў мяне. - Жандар прыгразіў плёткай. - Што ў вас тут за скрынка?
Ясь апусціў галаву, закусіў вусны. Ці першы раз церпіць крыўду? Добра, што хоць байструком не абзываюць.
- І заступнік твой, пан Урбановіч, не дапаможа, калі ўлаўлю каторы раз у пушчы са стрэльбай, - з робленым, наўмысным гневам прамовіў жандар, быццам усё не мог супакоіцца. - Гм, Урбановіч таксама невялікая шышка... Не ён гаспадар, гм. Ён толькі ўпраўляе казённым землеўладаннем. І не мае права дазваляць паляванне...