Літоўскі воўк | страница 37



- Гм, бачу, што малодшы, - сказаў з іроніяй жандар. - Адкуль васпан едзе?

- Адкуль? З Пецярбурга. Скончыў медыка-хірургічную акадэмію, маю прызначэнне на палкавога лекара. У Закаўказзе, спадар афіцэр. Вось гэтая папера... Пакуль на службу, хачу пабачыцца з бацькам.

- Чые гэта рэчы? Вы, пане Буевіч, суправаджаеце груз? А гэта хто? - сыпаў пытаннямі жандар, паказваючы вачамі на паненку.

- Наколькі мне вядома, рэчы належаць пану Ўрбановічу.

- Урбановічу? - перапытаў жандар. - Прашу карэту да агляду.

- А вы маеце права? - роблена здзівіўся Артур.

- Прашу мне не ўказваць мае правы, - абрэзаў яго афіцэр. - Гм, звычайная праверка не павінна вас турбаваць.

Буевіч-старэйшы адышоўся да Стасіка.

- Растлумачце містэру... - больш лагодна сказаў жандар і зірнуў у паперыну: - Містэру Лобстэру, каб дазволіў паглядзець і ягоныя рэчы. Ведаеце, мая ангельская з часоў гімназіі, выбачайце, пакрылася пылам...

- Ну, замежнікаў абшукваць, гэта, выбачайце... - развёў рукамі Буевіч-старэйшы.

- А чаго вы, пане Буевіч, лезеце не ў сваё дзела? - хітра зірнуў жандар. - А раптам у гэтых куфэрках зброя?

Буевіч сказаў некалькі словаў ангельцу па-ангельску. Падданы яе вялікасці каралевы Вялікабрытаніі яшчэ больш насупіўся, адвязаў клетку з індыком, паставіў яе каля ног, залажыў руку за руку. Жандары пачалі тузаць рамяні, якімі былі прывязаны дарожныя куфэркі.

У гэты момант, зусім нечакана, Стасік пачуў шэпт брата:

- Вярніся і скажы хлопцам, каб утапілі ў твань цяжэйшую скрынку.

Стасік агаломшана зірнуў на Артура.

- Мілы браточак, - не мяняючыся ў твары, працадзіў скрозь зубы Артур, - здымі з твару ідыёцкую міну і рабі тое, што я сказаў...


5. Жаноцкія таямніцы-драбніцы


Жандары ператрэслі куфэркі, прывязаныя да запятак карэты. Іх нічога не зацікавіла. Расчынілі саму карэту. Паненка пасунулася наперад, каб выйсці з карэты, адхінула фрэндзлі заслоны, паглядзела ўніз, куды ёй можна ступіць. Да яе жвава падскочыў жандарскі капітан з выстаўленай рукой, але жанчына пашукала вачамі ангельца, той няспешна падышоў, яна абаперлася на ягоную руку і апынулася зне карэты. Ад няёмкасці капітан стаў пашчыпваць свае раўнютка падстрыжаныя вусікі.

Правяральшчыкі зазірнулі ў карэту, выцягнулі з яе невялікі дарожны куфэрак, папрасілі адкрыць яго. Ангелец шчоўкнуў ключыкам, падняў вечка. Сярэдзіна абшыта зялёным сукном. У гнёздах стаялі бутэлькі, віднеліся прышпіленыя лыжкі, відэльцы...

Жандарскі афіцэр гмыкнуў, чым прачысціў горла, загадаў рабіць вобыск далей. Ангелец тым часам зрабіў знак фурману, які быў і за лёкая, і той хуценька перацягнуў куфэрак на невялікую палянку ўзбоч дарогі, распрастаў на траве абрус, вылажыў шынку, хлеб. З бутэлькі ангелец наліў у сярэбраную чарачку паненцы, сабе, нешта сказаў Буевічу.