Літоўскі воўк | страница 36



Кавалец, які нёс на плячы валізу, і сам сказаў:

- Гэта аканом прычындалле заморскае выпісвае... То плугі мудрыя, летась арху ракой прывезлі... Жыта веяць...

Аблегчаную ландару коні вырвалі з багны, яна пакацілася спраўней, толькі весела падрыгвалі фрэндзлі на заслонах акенец.

Калі ўрэшце перабраліся праз гаць, увязалі па-новаму куфэркі і валізы, сонца навісла над забалотным лесам.

Далей дарога была гразкаватая, колы ландары грузлі па самыя ступіцы, ад коней валіла пара. А вось вазок, у якім пакінулі скрынкі, засеў у першай лужыне. Давялося злезці, цягаць скрынкі. Карэта аб'ехала вазок, але недзе далёка паперадзе раптам дзіка загігатаў жарабец. Потым запялёхала гразь, бразнулі цуглі, пачуліся незнаёмыя галасы.

- Што робіцца? - Стасік падняўся ў вазку на ногі. - Хлопцы, верхавыя... А браткі мае - жандары!

Юнакі прыгледзеліся.

- На ўсіх святых! Гэтыя - новыя! - прашаптаў Стасік. - Не пазнаю, раней не бачыў...


4. Жандары


Некалькі чалавек жандараў конна напраўду перапынілі ландару. Стасік, ад прыроды да немагчымасці цікаўны, пакінуў Людовіка і Кавальца змагацца з вазком і патрусіў да ландары. Яшчэ здалёк убачыў, як жандарскі афіцэр у чыне капітана, у заляпаных балотам нагавіцах, саскочыў са свайго агера, казырнуў, пэўна, прадставіўся. Калі Стасік падбег да ландары, змрочны пан у кацялку паказваў жандарскаму афіцэру паперы.

Жандар разгарнуў пашпарт, прысвіснуў:

- Гм, пашпарт падданага яе вялікасці каралевы Вялікабрытаніі. Ніколі ў руках не трымаў... Так, так... Гандлёвы агент кампаніі «Усямірная сельскагаспадарчая выстава» Джон Лобстэр. Сэр, прашу вашы рэчы да агляду...

Ангелец закапыліў ніжнюю губу і адмоўна пахітаў галавой, даючы знак, што не разумее.

Стасік ад цікаўнасці аж рот раскрыў. Вобыск!

- Гм, гм. У Варшаве, панове, неспакойна... - уздыхнуў жандар, каб патлумачыць свае дзеянні.

- Ну і што, спадар афіцэр? - сказаў Буевіч-старэйшы. - То Варшава, а тут... Ці ў гэтых балотах магчымы, так сказаць, нейкі падкоп пад асновы?

- Гм, прашу паперы, - звярнуўся і да яго жандар. - Гм, так-так, - памыркаў ён, пазіраючы ў дакументы.

Усе адзначылі, што ледзь не кожную фразу капітан пачынаў з гмыкання.

- Гм, ці не тутэйшага памешчыка Буевіча вы сваяк? - паглядзеў ён на Буевіча-старэйшага.

- Сваяк, - весела адказаў Буевіч, - найроднейшы сын. А гэты гімназіст, - паказаў на Стасіка, - другі сын, малодшы. Закрый, браточак, рот, зубы выпадуць.

Стасік ад злосці аж клацнуў зубамі, сашчэмліваючы сківіцы.