Літоўскі воўк | страница 35
- Хлопцы, а калі гэта... любоўная пара? Падарожнічае інкогніта? Га? - спытаў Стасік і наблізіўся да вазка. Вёрз ён лухту, бо хацеў паддобрыцца і залезці ў вазок.
- Я пашпарт ягоны бачыў, - адзначыў Кавалец. - Ён не расейскае кароны падданы - вось што.
- Ён на шведа падобны, - заявіў Стасік.
- А ты шведа жывога хоць бачыў? - кусліва спытаўся Кавалец.
- Вось маскоўская варона, - абразіўся Стасік. - Я так кажу. Адным словам - чужапанец. Але ж паненка, халера ясна, і прыгожая.
- А ты яе бачыў? - не змаўчаў, падпусціў шпільку і Людовік. - Яна ж вуалькай закрыта. Бровы толькі і відаць. Ды густыя, як прыклееныя...
- Дапусцім, броўкі ў яе загустыя, але ж гэта так пікантна...
Вёску праехалі, за вазком накульгваў кудлаты чорны сабака. Ён, відаць, нечым правініўся і цяпер шукаў новых гаспадароў. Ясь крыкнуў на сабаку, каб ішоў прэч. Сабака спыніўся, пакрыўджана апусціў галаву.
- Ясь, - запытаўся Стасік, з відавочным жаданнем паддобрыцца, - ці то праўда, што пан аканом выпісаў з Галандыі індыка незвычайнай пароды?
- Праўда... - лагодна, прымаючы Стасікава прымірэнне, адказаў Кавалец. - Вунь у клетцы... Такі ж больбат, як і ты. Ну што глядзіш, як жаба з цэбра, сядай!
Стасік толькі і чакаў гэтага - гэпнуўся ў вазок. Абразу прапусціў міма вушэй.
Насамрэч, да ландары паверх дарожных куфраў была прывязана клетка, у якой сядзеў белы надзьмуты індык. Сярдзіты пан проста тросся над гэтым індыком. Калі карэта запынялася, ён вылазіў і карміў птушку нечым з мяшэчка.
Лес парадзеў, пачалося балота, выехалі на гаць. Колы застукалі па бярвенцах.
- Тут ландара і сядзе, - адзначыў Ясь, азіраючыся. - Тут, браткі, і я, як сюды ехаў, памучыўся...
Ландара ўгрузла адразу, як толькі коні сталі перабіраць нагамі, нібы па клавіятуры, па бярвенцах. Фурман свіснуў пугай. Коні рванулі. Крэк!
Мужчыны выйшлі з карэты, падцягнуліся да яе і хлопцы.
- Адвязвай рыштунак! - скамандаваў Артур Буевіч. - Бярыце скрынкі, валізы і куфэркі ў вазок, перавозьце на грудок, а мы паглядзім, што з ландарай.
Чужапанец панёс на сухое клетку з індыком. Потым разам з Буевічам-старэйшым вынеслі на руках і паставілі на ногі жанчыну, якая божкала і рассыпалася ў падзяках.
Хлопцы пацягнулі з ландары ў вазок дзве доўгія скрыні. Адна - нязвыкла цяжкая, другая - лягчэйшая.
- Ну і ценжар! - крактаў Стасік. - І што тут можа быць? Цвікі, вагі якія?
- Табе справа? - адказаў Людовік і, каб канчаткова замірыць юнакоў, прапанаваў: - Ты ў Кавальца спытай...