Літоўскі воўк | страница 34
Будыніну цяжка было назваць хатай - яна распаўзлася па вуглах, толькі салома наверсе свежая. Ад вуліцы хата адгароджана свежаабчэсанай альховай, а таму аранжава-чырвонай крывой жардзінай. На падворку, за жардзінай, стаяла вялікае, неахайна абстрыжанае дзіця ў адной сарочцы, на прызбе грэлася на сонейку старая жанчына. Чорненькія куркі з вялікімі чырвонымі грабянямі клявалі старэчу ў руку. Пасярод двара стаяў, шырока расставіўшы ногі, карчаваты селянін і ладзіў касу. Калі ўбачыў вазок, няўцямна заўсміхаўся, стаў ківаць галавой у знак прывітання. Дзіця ад сораму, што без штаноў, прысела і нацягнула сарочку на калені.
- Гэта і ёсць, Ясю, твой прадухт? - паказаў вачамі на селяніна Стасік. - Яму трэба пашпарт? У Вену з'ездзіць ці ў Парыж?
- А што ён там забыўся? - спытаўся Кавалец.
- Ён нам дзівіцца, а як ён рот разявіць на карэту з фрэндзлямі, га?
- Мо ён і ракам перад ёй стане, што з гэтага? - агрызнуўся Кавалец.
- Людовік! - усклікнуў Стасік. - Спыні ты гэтага хама. Праўду кажуць: калі з пана пан, то пан, а як з хама пан...
- Ды табе самому зараз у морду дам! - раптам ускіпеў Людовік. - Што ты ўсё папракаеш, што ён з мужыкоў? Вінаваты ён, што бацька мужык?
- А чаго ён...
- Маўчы! - крыкнуў Людовік. - А то зараз выкіну і клункі твае... Пойдзеш дадому пехам...
- Ён павінен быць прыстойным. У яго маці шляхцянка! - не здаваўся Стасік. - Кроў у яго наша, высакародная...
- Глупства гэта ўсё. Кроў у людзей аднаго колеру - чырвоная...
Незадаволены грубасцю, на гэты раз Бароўскага, Стасік адстаў. Праехалі ўсю вёску. Стрэчныя сяляне ў кучомках, насунутых на самыя вочы, і жанчыны, захінутыя бруднымі хусткамі, хоць было лета, сыходзілі з дарогі і згіналіся ў паклонах. У тварах у насельнікаў гэтай забытай цывілізацыяй вёскі адчувалася нейкая немарасць і зблажэнне. Усе хаты абраслі лебядой, лебяда расла нават на саламяных стрэхах. Толькі адна хата была новая, яшчэ мо і не абжытая, - на вільчыку вісела забітая сарока, - а каля хаты хадзілі чырванашчокія, з чорнымі як смоль бародамі мужчыны ў новых світках, без шапак, у вымазаных дзёгцем ботах з высокімі халявамі. Яны не звярталі ўвагі ні на вазок, ні на седакоў.
- Гэтым пашпарт трэба, - абрадаваўся Людовік. - Гэта - патэнцыйныя грамадзяне.
- Усё роўна ім далёка да пана, які ў ландары сядзіць, - адазваўся Стасік. - Па ўсім відаць, што варшавянін...
- І па чым гэта відаць? - засумняваўся Людовік. - Паненка - чыстая полька. Так сакатала ў Пінску, што ні слова не зразумець... Цікава, хто яна гэтаму пану?