Літоўскі воўк | страница 33
- А па мне, - раптам азваўся Кавалец, - ці розніца, які сабака кусае, - масковец, ці поляк?!.
- Ты, Ясю, на людзей так не кажы, - ускінуў руку Людовік. - Людзі, палякі ці расейцы, - не сабакі...
- Дык і праўда, - павярнуўся да Людовіка Кавалец. - Увогуле, у царкве вучаць, што любая ўлада ад Бога. Будуць маскоўцы - добра, палякі - таксама файна. Якая розніца, хто панавацьме над намі? Няма розніцы!
- Вось табе няма розніцы, а мне ёсць, - абурыўся Людовік. - Расея нашле папоў, настаўнікаў, і, глядзіш, стануць нашы ўнукі і дзеці па-маскоўску гавендаць.
- А хоць па-кітайску. - Ясь тузануў лейцамі. - Нашы ўнукі ці там праўнукі ўсё роўна будуць прадухтам нашай зямлі. Во як... Бо сказаў Хрыстос - усё роўна, ці юдэй ты, ці элін.
- Паглядзі на мудруна! - выклікнуў Стасік. - Чуў я, што ты і вершы пішаш... Ды не абы-якія, але духоўныя...
- Ну і пішу, табе дзела?
- Дык і пішы, але ж ты па-руску, па-расейску сачыняеш.
- Мне што, па-пшэцку іх пісаць? - агрызнуўся Кавалец.
- Ты хоць па-хлопску пішы, мне без розніцы, - захіхікаў Стасік, шчыпаючы кончык носа. - Але ж ты пра святое, духоўнае... Недарэмна цябе людзі свяцькам дражняць...
Кавалец са злосцю зіркнуў на малога Буевіча.
- У гімназію табе самы час, Ясю, - уздыхнуў Людовік. - А то занадта мудры. У гімназіі цябе крыху абчэшуць.
- Вас ужо добра абсклютавалі... - азваўся Ясь. - Расея вам не падабаецца...
- Ну дык пачытай нам. Пра Хрыста, фаўна і німфу... - стаў пад'юджваць хлопца малы Буевіч.
- Адкуль ты ведаеш? - Кавалец коса зірнуў на Стасіка.
- Я, братко, усё ведаю, - самазадаволена праказаў Стасік.
- Урбановічыха растрындзела? - не адставаў Кавалец. - Прызнавайся, насач!
- Ну ты! - павысіў голас Стасік. - Яна шляхетная пані, а ты - трындзець... Бядуеш, што няўдалы верш згарадзіў. Ды яшчэ, хі-хі, гекзаметр!
- Вось, асталоп, прычапіўся! - буркнуў Кавалец.
- Я асталоп? У-у, святун, свяцька, святух... - стаў дражніцца Стасік.
- Насач, насач польскі! - урэзаў Кавалец.
- Святун, святун... Семінарыст недавучаны, недапечаны, маскоўская варона, маскаль!
- Польска дупа! - крыў Кавалец.
- Ды хопіць вам, абармоты! - не вытрымаў Людовік.
- А чаго ён, грубіян гэткі... - пакрыўджана стаў апраўдвацца Стасік. - Хам ёсць хам...
Кавалец тузануў лейцы, спыніў каня і сказаў са злосцю:
- За хама - злазь.
- І злезу. - Стасік спрытна саскочыў з вазка і пайшоў пешшу.
Клунак ягоны і сакваяж усё ж заставаліся ў вазку.
Абапал дарогі пайшоў сасняк, забялелі бярозы, востра запахла жытлом: дымам, гноем. Сярод бярозак з'явіўся раптам на дарозе шэра-зялёны праваслаўны крыж, абвязаны ручнічкамі, далёка між дрэў замільгалі шэрыя стрэхі, неўзабаве з'явілася і першая хата.