Літоўскі воўк | страница 32
Гімназісты падселі да Яся ў Пінску - абое мелі пераэкзаменоўку. Стась Буевіч - хлопец з доўгім цікаўным носам - запазычыўся ў навуцы па ляноце, а другі - худы, бледнатвары Людовік Бароўскі - па хваробе.
Ад дарожнай нуды юнакоў, усіх траіх, надта цікавілі пасажыры ландары. У ёй сядзеў нейкі сярдзіты пан у наглуха зашпіленым сурдуце і кацялку, гаманлівы малады чалавек у паношанай студэнцкай куртцы і маўклівая, але пасміхастая жанчына. Хто быў надзьмуты пан у кацялку, цяжка было сказаць. Малады чалавек у студэнцкай куртцы называўся Артурам, быў братам Стася Буевіча, які ехаў у вазку. Артур вяртаўся пасля вучобы ў Пецярбургу дахаты, да бацькі. Жанчына выглядала проста жанчынай - твар яе быў прыкрыты вуалькай. Хто яна, адкуль і куды трымае шлях, таксама не знаходзілася тлумачэнняў.
Вазок, запрэжаны шустрым конікам, які ведаў дарогу і ведаў, як ступаць нагамі ў глыбокія каляіны, даўно адарваўся б ад непаваротнай карэты, - паказваць дарогу на выпадак аб'езду можа і Артур, але ў ландары сядзела прыгожая, выкшталцоная, а галоўнае - таямнічая жанчына. Як маладзёнам з першым пухам на верхняй губе не праявіць цікавасць, а магчыма, кавалерства? Таму і не спяшалі наперад.
Нейкі час гімназісты гаварылі пра хваляванні ў Варшаве, пра цара, Італію, краёвую інсурэкцыю: спрачацца на тэму вольнасці краю можна было бясконца.
- Што б ні казалі, - маракаваў Людовік Бароўскі, - любата мець пашпарт уласнага краю. Жыць, як раней, пры Вялікім княстве... Нашто нам кланяцца Маскве ці Варшаве...
- Ты што, супраць Польшчы? Без Польшчы мы нішто - нуль! - аспрэчыў Бароўскага Стасік.
Калі меншы Буевіч гаварыў, ён запальчыва размахваў рукамі, падымаючы іх вышэй галавы.
- Чаму гэта? Мы і без Варшавы зможам, - пярэчыў Людовік.
- Праз палякаў мы звязаны з Эўропай. Без Эўропы мы дзікі, адсталы край. Вам, палякам, добра...
- Не называй мяне палякам... - крыўдзіўся Людовік. - Я не паляк.
- А хто ты?
- Мы - ліцвіны. Як Міцкевіч...
- Рускія мы, - уступіў у спрэчку Кавалец, які ўсё больш маўчаў, бо не любіў пустасловіць.
- Рускія? - загарачыўся Стасік. - Мо скажы - маскавіты яшчэ... Ты мо і рускі, а я - ліцвін. Ты ў Маскве набраўся маскоўскіх блох, таму...
- А ты аднымі палякамі трызніш... Па-нашаму і гаварыць забыў як. Усё пшэцеш, пшэцеш... А ты такі паляк, як...
- Ану скажы! - пагрозліва загадаў Стасік.
Кавалец змоўк. Сонца стаяла высока ў зеніце, блішчэла на альховых лісцях, у рудой, у іншых месцах чорнай вадзе. Над балотамі, там і сям парослымі купамі лазы, стаяла шызаватая смуга.