Літоўскі воўк | страница 3



Як ужо казалася, малады пан быў з расейцаў, твар меў самы што ні ёсць славянскі, шырокі, прыязны. Супраць тагачаснай моды барады не насіў, а быў гладка паголены. Праўда, пад самым носам у пана, на верхняй губе, амаль на самай перагародачцы паміж ноздрамі, рос пук валосікаў. Ці лязо брытвы пры галенні не даставала да іх, ці не быў такі ўважлівы да сваёй фізіі, ці пакідаў гэтыя валосікі наўмысна - хто таго пана ведаў?! Акрамя мапы Менскай губерні меў яшчэ і авантурны характар. Надакучыла боўтацца ў вазкох па разбітых дарогах, намулялі бокі ўласныя дарожныя куфэркі, якія, як іх ні прывязвай, разбэрсваюцца, падскокваюць і танцуюць на вазку нібыта жывыя, і таму перспектыва ехаць іншай губерняй настаўніка не радавала. «Наняць падводу, - думаў ён, - і рынуцца напралом, праз балоты. Ды карчомныя жыдкі казалі, што дарога на поўдзень гадоў трыццаць, як не падсыпалася».

Ніхто з фурманаў-жыдоў ехаць праз балоты не хацеў. Не адважваліся і рамізнікі з тутэйшых. Ні за якія грошы. Праз два дні вымушанага сядзення ў прыдарожнай карчме (толькі і рабіў, як штораніцы галіўся) жыды прывялі пану худзенькага селяніна, які быццам браўся ехаць праз балоты.

- Колькі ты хочаш? - спытаўся малады чалавек, з недаверам пазіраючы на падраную світку і стаптаныя лапці.

Убачыўшы, што малады, прыстойна, па-панску адзеты чалавек звяртаецца да яго, селянін сцягнуў з галавы пашытую з зайца аблавушку і нізка-нізка пакланіўся.

- Кажы, колькі хочаш, дурань, - таўханулі селяніна жыды.

- Нічога, паночкі, не хачу, адпусціце мяне, я вам нічога кепскага не зрабіў, і вы мяне не чапайце, - адказваў селянін.

- Ты грошы заробіш, гэтага во пана туды во, - на мігах паказалі жыды, - перавязеш. У Манкевічы.

- Я ў Манкевічы не збіраюся, - яшчэ больш здзівіўся мужычок. - Хрыстом Богам прашу, адыдзіцеся ад мяне.

З гэтымі словамі мужычок пераступіў пасталамі, насунуў шапку нізка на вочы і сабраўся ісці.

- Вядома - паляшук, - сказаў карчмар. - Дайце, васпане, яму капейку.

Малады чалавек даў селяніну капейку. Той, як узяў грошы, пакланіўся і стаў шкрэбці патыліцу, рабіць выгляд, што нешта цяміць. Растлумачылі яшчэ раз, што ад яго хочуць.

- Думаў, біцьмеце, - заўсміхаўся селянін. - А вы мяне за фурмана хочаце наняць?! Не, паночку, я ў фурманах ніколі не служыў, выбачайце...

У ход пайшла яшчэ капейка, нават не адна, а цэлых дзве.

Расхваляваны процьмай грошай селянін зрабіўся зусім бесталковы.

- Раней меў работу, раней і я чалавекам быў, грошы вадзіліся, прадухт... Раней я доляй круціў, а цяпер мною доля круціць...