Літоўскі воўк | страница 4
Ён аддаваў грошы назад і тлумачыў:
- Не, яснавяльможны пан не сядзе ў мае калёсы... Хто я такі?
- А чаго?
- А хто я такі? Якія ў мяне тыя калёсы?
Выйшлі ўсё ж паглядзець падводу. Падвода была як падвода, драўляная, у калёсах не хапала спіц. Але конь! Сапраўды, конь быў нічога не варты: нярослы, пузаты і з такой вялікай галавой, што пану настаўніку адразу ўспомніліся нільскія гіпапатамы, якіх ён бачыў на нейкай літаграфіі.
- Няўжо нельга знайсці добрага каня? - звярнуўся да жыдкоў малады пан, торгаючы валосікі пад носам.
Мужычок нешта прамыркаў, а жыд, гаспадар карчмы, ператлумачыў:
- Ён, паночку, кажа, што гэта напраўду не конь, бо гэта кабыла.
Малады пан прыгледзеўся да жывёліны з адвіслымі губамі-грыбалямі. Ногі ў кабылы крывіліся, у зблытанай грыве сядзелі калюкі - галоўкі дзядоўніку (відаць, яшчэ леташнія), на худзезнай шыі вісеў абрывак вяровачнага пута. Збруя таксама з вяровак. Рэбры ў кабылы выпіралі, як абручы ў рассохлай бочцы. Што ж, выбару няма, пан згадзіўся. Тады абрадаваны селянін пайшоў перад дарогай закусіць, бо пан даў яму задатак - рубель.
Настаўнік уласнаручна ўвязаў у вазок свой дарожны сак і два невялікія кофры і ўсё хадзіў глядзець, ці не пад'еў ягоны найміт. Уга! Лепш бы таго рубля таму палешуку не даваў. Пакуль грошы не апынуліся ў карчмара, селянін не ўстаў з-за карчомнай лаўкі. Пад ёю паляшук і спаў, і не мог прачнуцца наступнай раніцай, як яго ні трэслі.
Паляшук агораўся, як ужо добра паднялося сонца, доўга піў ваду з драўлянага смярдзючага вядра, з якога напаіў і кабылу. Памацаў увязаныя рэчы, адкалупнуў лапцем накарэлую гразь з вобада, дастаў з барады саломіну і сеў у вазок. Палез у вазок і настаўнік. Стаялі, не ехалі.
Карчмар падышоў і сказаў у вуха настаўніку, што грошай больш у селяніна няма, а належна зрабіць «кручок на ход нагі». Настаўнік загадаў наліць.
Паляшук пасля чаркі павесялеў, кабылка сама патрухала па дарозе. Праехалі некалькі вёсак. Усё часцей сталі сустракацца алешыны, і ўсё часцей бліскала вада ў прыдарожным рове. Ехалі моўчкі - новаспечаны фурман нешта мармытаў сваёй пузатай кабылцы ды пасцёбваў яе вяровачнай пужкаю на бярозавым дубцы. Ніводнага калодзежа ў вёсках не мінаў: піў сам, паіў і кабылку. Настаўнік заўважыў, што кабылка піла, як і гаспадар, - нямерана. Вада з яе горла нават вылівалася назад, а яна ўсё цмокала і цмокала.
- Ну, скажы, як цябе хоць зваць? - спытаўся настаўнік, як зноў паехалі.
Селянін памаўчаў, потым сказаў наступнае: