Літоўскі воўк | страница 2
Ваўкі другой партыі, тутэйшай, мясцовай, яе называлі ліцвінскай, сцвярджалі, што, наадварот, пацярпелыя ад драпежнага пана звяры паскавытвалі паміж сабой па-свойску, па-тутэйшаму, і менавіта гэта іх і выракла. Згадзіцеся, гэта ж верх непрыстойнасці - выць, пяяць, скуголіць, гаварыць па-свойму. Зрэшты, гэта магло быць і няпраўдай, бо, як вядома, па неспакойным часе хто толькі ні коціць бочак на ваўкоў Польшчы, Літвы, іх мову і дурную звычку да волі. Уздумалі ад імперыі адарвацца. Будзе ім.
Зрэшты, як яно адбылося на самой справе: чаго пан у клетцы пусціў у ход зубалі, не ведаў ніхто.
2. Сякія-такія тлумачэнні
Пэўна, чытач здзіўлены вышэйнамаляванымі падзеямі. Як так - не ваўкі сядзяць па клетках, а людзі. Чалавек, стварэнне з душою, дадзенай ад нараджэння, сядзіць у клетцы, а ваўкі праходкі разгульваюць на курортным шпацыры ды лапамі ў таго, за кратамі, чалавека тыцкаюць. Недарэчнасць такую мусова растлумачыць, каб усё стала на свае месцы. Яно і так стала б, без тлумачэнняў, але дзеля гэтага чытачу давядзецца прачытаць усю нашу гісторыю да канца, ды ў аўтара няма спадзявання, што гэта можа адбыцца, - свет такі спакуслівы. Ну не даю сабе рады, што знойдзецца хоць адзін, каторы адужае пісанае. Так што мушу разлічваць і на нецярплівых і тлумачыць, што да чаго.
Тлумачэнні такія: за два гады да падзеі, вышэй апісанай, а дакладна - у чэрвені 1862 года, у павятовым мястэчку Старобіне на паштовай станцыі малады чалавек, з адзежы і выгляду пан, шукаў каляску, брычку ці хоць якую сялянскую каламажку ехаць на поўдзень. Пан меў пры сабе рэкамендацыйныя лісты, што ён знавец розных эўрапейскіх моваў, выкшталцоны гувернант, настаўнік танцаў, музыкі і малявання. Яго, гэтага пана, выпісаў шляхціц з Палесся ў якасці хатняга настаўніка сваім дочкам. Гэты настаўнік і ехаў да сваіх вучаніц. Называцьмем і мы маладога пана настаўнікам. Ехаў ён ужо другі тыдзень, а канца свайго падарожжа яшчэ не бачыў. Праўдзівей казаць - бачыў, канец быў блізкі - да Манкевіцкага павета, у якім жылі багаты шляхцюк з дочкамі, было зусім блізка, калі глядзець на мапу Менскай губерні. Садзіся на вазок і - прастуй, за два дні дабярэшся - па мапе да патрэбнага паселішча рукой падаць. Але гэта - паводле мапы.
У рэальнасці гаспадар пастаялага двара ды і возчыкі з жыдоў тлумачылі маскоўцу - выхадню ці то з Арлоўскай, ці то Пензенскай губерні, - што трапіць у Манкевіцкі павет можна толькі праз Мазыр ці кіравацца на Берасце і ехаць тыдзень ці нават два, а напрасткі, праз балоты, ніхто не ездзіць, хіба што зімой, і што дарэмна пан прыехаў сюды, у Старобін.