Літоўскі воўк | страница 25



Аканом яшчэ раз зірнуў на цыдулку. Ах, як прыго-ожа выведзены літары. Для каго гэтак старалася?! Дамавую кнігу драпае пяром, як кура лапай! Ах, нягодніца з племені хамаў, Вабішчэвічаў, балотных гадзюк, што восенню грэюцца на купінах! А яшчэ шляхецтва дамагаюцца! Быдла і ёсць быдла...

Даў сабе рады з пачуццямі. Не, гонару ў пані Аксаны аж занадта, не на адну шляхцянку хопіць. Яна і прыгожая, як гадзюка, шэравокая гадзюка, і такая ж небяспечная... Ох, як укусіла - пад самае сэрца. Забіць мала, як забіваюць гадзюк, атрутных гадзін, задушыць рагачом якім...

Аканом чмыхнуў, апамятваючыся. Пагрозліва нахіліўся над пакаёўкай, якая зняможана падцягвала спадніцу, шукала гузікаў, завязак, румзала, глытала паветра кароткімі ўдыхамі.

- Каму несла, Ганно?

Пакаёўка зірнула на пана. У яе ляскалі зубы. Але і ў збянтэжанай, падаўленай, у яе вачах разгаралася нянавісць. Здавалася, зараз плюне.

- Не бойся, табе нічога не будзе. - Аканом адхіснуўся ад яе на ўсялякі выпадак. - Адпушчу і ўсё забуду, толькі скажы, каму несла лісточак. Каму, ясачка?

Ганна даланёй выцірала слёзы, якія шчодра каціліся па выпінках шчок. Не данесла, злавілі, выкрылі. Што цяпер будзе?!

- Маўчацьмеш, будзе кепска, Ганно.

- Пан Ежы... Я - дачка Вабішчэвіча... - прамармытала яна.

- Сабачага хваста ты дачка! - ціха праказаў аканом.

Ганна глянула на Ўрбановіча. Глядзела са здзіўленнем - як пан можа гаварыць такія словы. Рот у яе быў раскрыты, і сліна перацягвалася ніткамі паміж зубамі.

- Пан Ежы не можа так са мной абыходзіцца... Я - шляхцянка.

- Ну дык і што з таго? Бізун прыстае і да шляхецкай ср... - аканом паправіўся, - скуры.

- Не дазволю... Нельга... Я - дзяўчына... Пан не асмеліцца... Я... Мы... маршалку Лапу*, губернатару... Самому імператару, цару...

* Аляксандар Лапа (1802-1869), памешчык Бабруйскага павета, з 1859 года менскі губернскі маршалак шляхты; за дэманстрацыйную адмову ад пасады ў 1863 годзе арыштаваны і высланы ў Пермскую губерню.

- Цару? Ох, як ты, зязюлька, закувала... Ды я і не з такою шляхтаю безмаянтковай разбіраўся. Без парткоў бацька ходзіць - у даматканай світцы! - а яна тарочыць: «Я - шляхцянка!!!» Кажу ж, я і з сапраўднай шляхтай упраўляўся... - Пан аканом падаў дзяўчыне насоўку. - Вазьмі хустачку і не мажся, як дурная хлопка. Не хацеў браць цябе ў дом, бо ты... з гэткімі жывёльнымі замашкамі... Вы без мыла прывыклі мыцца, усё лугам... З нажа ясьцё... Я пусціў цябе ў дом, абмыў, адзеў, у чаравікі абуў, навучыў відэлкай карыстацца, больш-менш прыстойна каля людзей абыходзіцца...