Літоўскі воўк | страница 166
«Што з яго вырасла? - усё часцей думаў Ясь. - Разбэшчаны... Не выжыве, калі кінуць у лесе. Пабяжыць да людзей, а там яго чакае доўбня...»
Зрэшты, ваўка і нельга было кінуць ці пакінуць у лесе - Ясь спрабаваў. Звер вяртаўся па слядах. Нават не разумеў, што ад яго хацелі пазбыцца. Відаць, думаў, што гэта такая гульня. Вінаватымі вачыма глядзеў на Яся, вінаватымі і поўнымі бязмежнага даверу.
Калі даводзілася на паляванні атабарвацца і начаваць, Інсургент грэўся каля кастра, як чалавек. Падстаўляў жывот, на якім чамусьці слабавата расла поўсць.
Калі Ясь прачынаўся, Інсургент драмаў каля самых шызых вуголляў, нос да жывата, ды яшчэ і дрыжэў, тросся, як худы конь пад дажджом. Пад раніцу Інсургент не вытрымліваў золі, лез Ясю пад кажух.
- Пайшоў прэч! - Ясь моцна таўхаў ваўка лапцем.
Сонца ўзыходзіла вышэй, пачынала ўжо грэць; скупа, нярадасна - раніца была золкай. Ясь прачынаўся ад холаду, і на яго таксама нападала трасучка нават пад кажухом. І ён ускокваў, браўся распальваць агонь.
Воўк слязлівымі, пакрыўджанымі вачыма сонна, зморана паглядаў на Яся, і ўвесь ягоны выгляд быццам гаварыў: «Бачыш, ты пакінуў мяне аднаго, мне холадна, я захварэў, я ледзь жывы, увесь дрыжу...»
Ясь пасміхаўся, адыходзіўся па дровы. Калі прыходзіў, Інсургента не было, некуды знік. Ясь нешта задумаўся... Агонь весела затрашчаў. Ясь прысеў, локцем абапёрся на кажух... і падскочыў, як ашпараны. Пад кажухом было нешта жывое!
- Інсургент! Зараза!
Воўк зашыўся пад кажух, у захаванае цяпло, і пазіраў з такім выглядам, быццам кажух належаў яму. Пагляд меў вясёлы, ужо задаволены.
Раніцай, на сядзібе, Інсургента паспрабуй раскатурхаць, каб скінуць з яго рэшткі сну. Быў у гэтым пытанні як які чалавек з ленаватых.
Часам Інсургент знікаў, а калі вяртаўся, прыносіў у пашчы ката. Мёртвага. Колькі ён тых катоў перадушыў! Відаць, на дух не мог пераносіць кацінага племені. Ну і, зразумела, з'яўляліся пакрыўджаныя гаспадары. Усчыналіся сваркі, папрокі, пагрозы. Каб Інсургент сядзеў дома, Ясь змайстраваў адмысловы нашыйнік, нешта накшталт набэдрыкаў, а замест вяроўчынкі-прывязі выкарыстаў ланцуг. Воўк моўчкі барукаўся з аброццю. Круціўся, ашчэрваўся, каб падчапіць лямцавыя паскі, браўся грызці жалезны ланцуг. Ніякага поспеху. Тады пачынаў выць, і так страшна, што Ясь прыбягаў у пуню, супакойваў свайго сябра, але ненадоўга. Тады закідваў бочку саломай, каб не было чуваць знадворку, у хаце.
Інсургент не вытрымаў катавання аброццю, несвабодай. Выдзер прабой, загачаны паміж клёпкамі, і знік. Знайшоў яго Ясь праз некалькі дзён на балоце. Ляжаў, небарака, на купіне акрываўлены, над ім роем віліся зялёныя мухі. Відаць, палез да некага ў куратнік і там яго і ўлавілі. Адвялі, што называецца, душу. Пэўна, трымалі за ланцуг і дубасілі, колькі ўлезе. Улезла да нясхочу.