Літоўскі воўк | страница 165
3. Дурындала
Мястэчка апусцела. Здавалася, вымерла. Жыхары напружана чакалі, калі з'явяцца расейцы: паліцыя, жандары, казацкія раз'езды. Але маскоўцы ўсё не з'яўляліся. Па Пінска-Мазырскім тракце, за Прыпяццю, прайшло некалькі канвояў на ўсход. Пад надзвычай моцнай аховай, кожная падвода была літаральна аточана жандарамі і казакамі.
Трывожнае чаканне неяк само перайшло ў спакой, нават раўнадушша. Час ад часу падарожныя людзі, якія прыязджалі з Пінска, расказвалі, што сустракалі атрад з Манкевічаў; сваякам перадаваліся лісты, прывітанні. Падзеі, якія адбываліся ў краі - у Вільні, на ўсходзе, на Гарадзеншчыне, - не цешылі. А потым пачалі прыходзіць зусім нехарошыя весткі. То там разбілі атрад паўстанцаў, то там вёску маскалі спалілі. Хадзілі чуткі, што расейцамі па ўсім краі ўтвораны вайскова-палявыя суды, якія караюць бунтаўшчыкоў павешаннем, і што распраўляюцца нават з параненымі. Але дзе гэта было, якія вёскі папалілі, ніхто не маг сказаць дакладна.
Ясь Кавалец некалькі разоў спрабаваў пагаварыць з аканомавай пра друкарства, але Аксана рабіла выгляд, што нічога не разумее. Відаць, варта было вычакаць. Ды і часу асабліва не было - прападаў днямі на паляванні. Разам з ваўком. Заўважыў за Інсургентам асаблівасць: галодны не цацкаўся з падстрэленай здабычай - хапаў, ірваў зубамі, каб хутчэй праглынуць, насыціцца. Колькі ні біў па мордзе, каб адвучыць, - не дапамагала. Уцякаў і прападаў па два-тры дні немаведама дзе. Усё ж гэта быў воўк. Пасля вяртаўся, прывалакаў з сабой качку з адгрызенай галавой. Прыносіў гаспадару ў знак замірэнння. І добра, калі гэта качка была дзікай. Часам здаралася, што і свойскай. Куды ваўку, неразумнай істоце, разабрацца, што прыручаныя крыжанкі палешукоў, якія пялёхкаюцца ў лужынах пры сядзібах, а начуюць пад плотам, - абсалютная недатыкальнасць. Ужо і пагалоска пайшла, што воўк Кавальца Яся, якога ён трымае за сабаку, вялікі шкоднік. Калі і тхор убіваўся каму ў куратнік, прыходзілі да Кавальцоў, прыносілі мёртвых курэй і патрабавалі пакараць Інсургента. Дакажы, што Інсургент сядзеў дома на прывязі.
Паляванне было работай, і работай не з лёгкіх. Ад дзічыны трэба як мага хутчэй пазбаўляцца, а гэта значыць снаваць на чаўне вёрстамі.
Вечарамі, калі начавалі на сядзібе, Інсургент пачынаў выць і скуголіць у клуні. Не любіў быць адзін, сумаваў. А ў дадатак да ўсяго страшэнна любіў цяпло. Не як звер, нават і не як сабака. Сціхаў толькі тады, калі пускалі ў хату. Упарта лез на ложак, каб зашыцца пад коўдру. А ў яго ўжо, як у кожнага стварэння сабачага роду-племені, і блыха завялася. Стары Кавалец браў тады лапату, якой саджаюць хлеб, і гнаў ваўка з хаты. Ясь нацягаў у бочку-будку саломы, заканапаціў дзіркі, закрываў адтуліну старым кажухам, каб мерзляку было крыху вусцішней.