Літоўскі воўк | страница 164
- Варта здымаецца...
- Дзіўныя рэчы, - сказаў адзін са знятых вартавых, калі Ясь і Артур пайшлі кожны сам па сабе. - І крэсла цэлае, і вязень «раскалоўся»...
2. Выправа
Урэшце надышоў дзень, калі адслужылі малебен і рушылі на захад, дзе адбываліся ваенныя падзеі. На асвячэнне зброі ксёндз прыйшоў сам, а бацюшка ўпіраўся, ледзь не сілком прывялі.
Аканома на ўрачыстым малебне не было. Не было і пані аканомавай. Адзінае, што яна змагла вымаліць у мужа, - праводзіць паўстанцаў па дарозе на захад.
Урбановічу карцела паглядзець, як яна будзе развітвацца з Артурам. Але яму не хацелася паказвацца паўстанцам на вочы, паслаў Мондрыка.
Інсургентаў назбіралася сорак чалавек конных і больш сотні пяхоты. Пяхотай паўстанцаў можна было назваць умоўна. У некаторых не было аніякай зброі, калі не лічыць косаў.
Пад вясёлыя крыкі, бязладныя песні і лунанне самаробных штандараў вырушылі за мястэчка. Буевічаў Стасік, які страшэнна задзёр нос за брата-камандзіра, расказваў пра тое новае жыццё, якім зажывуць, калі адваююць свабоду.
- У нас будзе свая дзяржава, і мы назавём яе Беларуссю. У нас будуць свае школы, свае грошы... Як то было колісь...
- А свая паліцыя будзе? - пыталіся сяляне, якім было абы пацвеліць з маладзёна.
- А то як жа, абавязкова будзе. Толькі назавём яе не паліцыяй, а як-небудзь інакш, скажам, міліцыяй.
- І такі ж міліцыянт, як Вусаціха, будзе?
- А ён і зараз ёсць міліцыя...
Гучны рогат гаварыў пра ўздым і добры настрой інсургентаў.
Калі дзяўчаты сталі кідацца ў абдымкі і цалавацца-развітвацца з паўстанцамі, і гэта было натуральна, Аксана таксама абняла і пацалавала і Артура, і Стасіка. Пра гэтыя пацалункі аканому было данесена. Не мусіла яна рабіць гэтага, адзначыў потым аканом, як гжэчная, выхаваная, замужняя пані. Яна мусіла развітацца без пацалункаў. Але аканомава пацалавала спачатку Стасіка, потым Людовіка, і вось чарга дайшла да камандзіра. Ён і нахіліўся, паколькі быў конна. Нахіліўся, іх вусны зліліся.
«Адзін, два, тры, чатыры... - стаў лічыць «шпіён» - аканомаў даносчык Мондрык. - Можа, досыць! Гэтак на развітанне не цалуюцца. Нешта ёсць, мае рацыю аканом. Сем, восем... Божа, злітуйся!»
Аксана адарвалася ад Артура, прамакнула вочы хустачкай і пайшла да брычкі. Мондрык вывернуў запрэжку, Аксана яшчэ памахала хустачкай услед паўстанцам. Неўзабаве крыкі і песні сціхлі, чуцен быў толькі шоргат сотняў ног. Мужчыны ішлі бараніць волю. Кожны думаў пра тых, каго ён пакінуў дома.