Літоўскі воўк | страница 162



Напярэдадні выступлення Артур Буевіч з'явіўся перад саляным склепам, дзе ўсё сядзеў арыштант - Ясь Кавалец. Камандзір быў як звыкла - у куртцы наапашкі. У руках трымаў звычайнае крэсла, якое пазычыў у прысутным месцы.

- Адмыкайце, будзем рабіць допыт, - сказаў ён вартавым. - І, як кажуць расейцы, - з «пристрастием».

Вартавыя перазірнуліся.

- Як ён там? - ціха спытаў Артур, калі вартавы круціў ключом у замку.

- Ды маўчыць. Кажух на ноч прыносілі, - не бярэ, не хоча. Пакутніка з сябе строіць...

Артур спусціўся па прыступках, трымаючы крэсла перад сабой. У прыцемку, пакуль вочы не прывыклі, бачыў невыразны цень у кутку, дзе на падлозе наслана салома і накідана рыззё. Інсургент, які ляжаў побач, пільна глядзеў на прыхадня, сачыў за кожным ягоным рухам. Ясь нават не падняў галавы.

«Добра, што хлопец нічога не ведае пра мае мітрэнгі з гэтым паршыўцам аканомам», - падумаў Артур і ўздыхнуў. Уздых атрымаўся нечакана цяжкі.

- Добры дзень, Яська-затворнік, - з жартам прывітаўся ён. Паставіў крэсла пасярод склепа, сеў і заклаў нагу за нагу. - Ну, зараз рабіцьмем допыт. Ты хоць бы ўстаў, га?

Ясь заварушыўся, падняў ускудлачаную галаву.

- Цябе кормяць? І твайго сябра? - добразычліва спытаўся Артур.

Воўк нібы адчуў настрой камандзіра, стукнуў два разы хвастом, але глядзеў усё роўна насцярожана, нібы баючыся падвоху.

Ясь падняўся, воўк - таксама. Ясь ацёпаўся ад саломы, устрыбушнуўся і шырока пазяхнуў і воўк. Пільна, з-пад брывоў, крыху скоса глядзеў на Артура.

- Што, маўчаць будзеш? Я ж спытаў, мо галодныя?

- Не галодныя, - прабурчэў Ясь. - Маці носіць...

- Думаеш, я прыйшоў пра зброю выпытваць? - з уздыхам прамовіў Артур. - Не, братка. У мяне да цябе іншая, больш важная і пільная справа.

Ясь абыякава глядзеў на Артура.

- Ты ўжо тут каторы дзень?

- Хапіла, - адказаў Ясь. - Змарнеў ужо... Удзень яшчэ нічога, а ўночы маркота. Каб не Інсургент, кепска было б.

- Не прызнаешся, куды падзеў скрынкі, твая справа. Далёка ты іх не мог панесці, праўда? Лепшае, што ты змог, - гэта звалачы зброю ў буч. Мае хлопцы ўжо абшукалі рэчышча ніжэй гаці. Не знайшлі. Заўтра стануць шукаць вышэй гаці. Там хоць мулка, усё роўна знойдуць. Нам без зброі аніяк, Яська, нельга. Зрэшты, у руках рэвалюцыянера і гаршчок страшная зброя...*

* Палемічны выраз К.Каліноўскага.

Ясь зморшчыў нос, схаваў рукой крывую ўсмешку, шумна выдыхнуў.

- Разумееш, край у агні. Пачынаць змаганне без веры ў перамогу немагчыма... - Артур адкінуўся на спінку крэсла. - Галоўная зброя - не косы і не вілы, нават не стрэльбы, не штуцэры. Галоўная зброя - наша перакананасць у перамозе нашай ідэі. Разумееш?