Літоўскі воўк | страница 161
Мо праз якую гадзіну да афіцыны Манкевіцкай эканоміі напраўду пад'ехалі паўстанцы. Яны паскоквалі з коней, наставілі зброю напагатоў і сталі насцярожана падыходзіць да ўвахода ў дом. Нідзе ні душы, як вымерлі. Самыя зоркія бачылі, што ў афіцыне каля вокнаў стаяць узброеныя людзі. Гэта было сур'ёзна.
- Гэй, - крыкнуў адзін з паўстанцаў. - Камандзір Буевіч загадаў арыштаваць вашага пана.
У адказ ні гуку.
- У нас і загад ёсць на арышт. Няхай васпан Урбановіч выходзіць. З паднятымі рукамі...
Маўчанне.
- Тады мы пачынаем страляць і паліць афіцыну. Падпалім з усіх бакоў! Маскоўскіх падбрэхічаў нам не трэба...
- Гэй, - пачуўся глухі, але дастаткова выразны крык з афіцыны. Гэта не вытрымаў маўчання Мондрык. - Галадранцы! На назе саф'ян рыпіць, а ў баршчы трасца кіпіць! Чужога нашармачка захацелася. Наце, атрымайце!
Раптам шыба аднаго з вокнаў гучна раскалолася, у праёме паказалася стрэльба і рэзкі гук стрэлу раскалоў паветра. Па надворку залётала кудзеля набою. У адказ на стрэл Мондрыка паўстанцы далі магутны залп. Білі па вокнах і дзвярах. Ад дрэва трэскі толькі адляталі.
- Апошні раз папярэджваю! - закрычаў паўстанец, які агучваў загад Буевіча. - Даю вам пяць хвілін і - пачынаем паліць.
Паўстанцы замітусіліся, хаваючыся ад магчымых стрэлаў з афіцыны, пабеглі да дваровых пабудоў і сталі круціць жмуты саломы.
Раптам дзверы афіцыны расчыніліся. На ганачак выйшла... пані Аксана.
- Чаго раскрычаліся? - гучна прамовіла яна.
Некаторы момант паўстанцы са здзіўленнем пазіралі на жанчыну, якая выйшла з абложанага дома і смела стаяла пад рулямі стрэльбаў. І ведала, што стрэльбы зараджаны не вішнёвымі костачкамі.
- Аб'яўляю, - гучна, урачыста прамовіла Аксана. - У імя любові да айчыны, добраахвотна і без прымусу ўскладваю на сябе абавязкі павятовага камісара.
Твары паўстанцаў выцягнуліся. Нехта прысвіснуў.
- Прашу тэрмінова паведаміць гэта вашаму вайсковаму начальніку.
РАЗДЗЕЛ XV. Мары і ява
1. Допыт з «пристрастием»
Урбановіча больш ніхто не чапаў. Буевічава нага таксама болей не ступала ў эканомію. Зносіны паміж павятовым камісарам, пані Аксанай Урбановіч, і Артурам Буевічам, вайсковым начальнікам узброенага атрада, ажыццяўляліся пры дапамозе веставых.
Буевіч як вайсковы начальнік, камандзір прыняў рашэнне выбраць самых надзейных, добра ўзброеных і экіпаваных паўстанцаў і рушыць на злучэнне з баяздольнымі атрадамі, якія ўжо мелі сутычкі з непрыяцелем. Высланыя дазоры і выведка шукалі такія атрады.