Літоўскі воўк | страница 160



Вайсковая рада на гэтым і скончылася.


6. Мужны ўчынак жанчыны


Неўзабаве пакінулі кабінет Бароўскія, выйшаў з крэхтам і стары Магнусь. Аканом застаўся адзін. І дзіва! Толькі што ў ім усё кіпела і бушавала, а цяпер зрабілася лёгка і пуста. На душы і ў галаве. Цяпер - усё роўна, што будзе. Жонка? Няхай кідае яго і едзе, куды хоча. Хоць з Буевічам, хоць дахаты, да бацькі. Галоўнае, у яго, Урбановіча, засталося чыстае сумленне. У адносінах да самога сябе. Не захацеў стаць павятовым камісарам і не стаў. Не здрадзіў сабе.

А каханне... Што каханне? Каханне - пакута, пакутай і застанецца. А цяпер ён вызваліўся і ад кахання, і ад усіх іншых праблем.

Стукнулі дзверы, зашалясцела адзенне - то ішла жонка. Урбановіч падняў галаву. Жонка мела заплаканы, нават апухлы твар.

- Што? - суха спытаўся аканом.

- Яны зараз прыйдуць, арыштуюць і пасадзяць у склеп.

- У склеп? Разам з Ясем Кавальцом? - зіркнуў Урбановіч. Яму чамусьці зрабілася смешна.

- І будуць судзіць як здрадніка... Як здрадніка і калабаранта...

Аканом скуксіўся. Ага, праўду кажуць: не радзіся, а ўдайся. Баяўся патрапіць у кіпцюры царскага двухгаловага арла, а ўскочыў пад капыты... Пагоні. Стопча, знішчыць. Ягоны твар прыняў плаксівы выгляд.

Каб схаваць гэта перад жанчынай, ён крыва пасміхнуўся:

- І што? Мо яшчэ і павесяць?

Аксана адвярнулася да акна.

- Я гэтулькі ўбухаў... грошай на гэтых галадранцаў... Нешта, дарагая, тут не гэтак. Тут Буевіч гэты нешта круціць. У яго і выхілкі ўсе бацькавы.

Аксана маўчала.

- Ну, няхай арыштуюць мяне... А як жа, як жа наша жанімства? - прамармытаў Урбановіч.

І тут ягоная жонка зрабіла тое, чаго аканом ніколі ад яе не чакаў. Канечне, у думках марыў пра гэта, але наяве - не чакаў. Аксана адвярнулася ад акна, рашуча сягнула да мужа і парывіста абняла яго. Паколькі ён сядзеў на крэсле, абняла за галаву і прыціснула яе да жывата.

- Бедны мой, любы, няшчасны Ўрбановіч... Ты не разумееш, што гэта - сур'ёзна. Што гэта - не гульня. Яны зараз прыйдуць арыштоўваць цябе...

- Яны?! Хто яны! - Урбановіч крутануў галавой, бо задыхаўся, адняў жончыны рукі.

Нечаканая сіла абудзілася ў ім. Ён адчуў сябе моцным-моцным. Ну і дурань жа ён, што раней не даваў ніякага адпору гэтаму Артуру. Цяпер - позна. Што рабіць?

- Я... Я буду бараніцца... Хто яны такія, урэшце?

Аканом падскочыў да стала. Там яшчэ з мінулага лета ляжалі зараджаныя пісталеты.

- Пакліч Мондрыка. Мы забарыкадуемся...

- Не трэба нічога рабіць, гэта - лёс, - сказала Аксана і зняможана апусцілася на канапу.