Літоўскі воўк | страница 158



Артур на хвілінку змоўк, каб перавесці дыханне, сказаў як бы між іншым:

- Бачыце, спадар Урбановіч, колькі абавязкаў, колькі работы. Я сёе-тое паспеў зрабіць, ёсць прызначаныя людзі, потым усё раскажу.

- Мне ў галаву не ўкладваецца, што... - гучна, амаль абурана прамовіў аканом, але тут да яго нахілілася жонка, якая стаяла недалёка, і прашаптала:

- Гэтая інструкцыя ў нас застанецца. Мы яшчэ раз уважліва прачытаем... Я дапамагу...

Аканом глынуў сліну, але яна не глыталася - у роце язык быў як трэска.

- ...Назіраць, каб у памешчыцкіх маёнтках меліся запасы прадуктаў, адзення, зброі і рыштунку, - гучэў узнёслы голас Артура, - паводле нормы, устаноўленай павятовым камітэтам, з тым, каб зручна забеспячваць атрад. Восьмае. Рупліва сачыць за спагнаннем нацыянальнага падатку, а таксама - ці ахвотна гэты падатак жыхары сплачваюць. Дзевятае. Назіраць за ўтварэннем, развіццём і дзеяннямі камітэтаў апекі з паўстанцкіх жанчын.

- Гэтым я займуся, - зноў шапнула жонка Ўрбановічу.

«Нешта не тое робіцца, - круцілася ў галаве аканома. - Яны не туды гнуць... Яны мяне... у яму хочуць завесці. У воўчую яму... Я не хачу быць ні павятовым, ні якім-небудзь іншым камісарам... Не, не буду я сядзець, маўчаць і пазіраць, як вол з-пад абуха...»

- Калі селянін, натхнёны патрыятызмам, зробіць са сваіх бедных даходаў дабравольную ахвяру на справу вайны з Масквой, павятовы камісар павінен паведаміць пра гэта камісару ваяводства з указаннем імя і прозвішча ахвяравальніка, а таксама месца яго жыхарства, - грымеў урачысты голас Артура Буевіча. - Павятоваму камісару належыць паставіць на пасады сялян...

- Мужыкоў? - не вытрымаў адзін са шляхцюкоў. - Мужыкоў на пасаду?! Гэта, выбачайце, нешта не тое...

- Не тое! - паўтарыў, амаль выкрыкнуў аканом. Яго раз'ядала, раздзімала крыўда, што з яго хочуць зрабіць павятовага камісара без ягонай жа згоды. Аканом адчуваў, што калі ён зараз не пачне крычаць, не пачне пратэставаць, ніколі сабе не даруе такога здзеку са сваёй асобы.

- Дайце я ўжо дачытаю, тут ужо мала засталося, - дзелавітым тонам сказаў Артур і скорагаворкай, як мітуслівы поп на хаўтурах, зачасціў: - Павятовы камісар мае права прызначыць памочнікаў, за якіх асабіста адказвае... Як павятовы камісар, так і ягоныя памочнікі абавязаны быць у пастаянным руху - не злазіць з брычкі... Сродкі на паездкі і асабістае ўтрыманне будзе атрымліваць ад ваяводскага камісара... Вось што, пане Ўрбановіч, важна... Пункт пятнаццаты: павятовы камісар павінен прысутнічаць пры фарміраванні атрада і назіраць: а - каб зброя была як мага лепшай, наколькі гэта дазваляюць мясцовыя ўмовы; бэ - каб кожны жаўнер меў пры сабе сама меней 50 зарадаў.