Літоўскі воўк | страница 157



- Расея, Расея... Ведаю, на што іду. На сподачку ніхто нам вольнасцей ніякіх не дасць. Воля, гэта вам, выбачайце, не баба, - не звярнуў увагі на жэст гаспадара кабінета Артур. - Яе бяруць не беленькай, а часцей, перапрашаю, крывавай рукой.


5. Камісар на пяць хвілін


- Давайце не разважаць на гістарычныя тэмы, але рабіць канкрэтную справу, - сказаў Артур пасля некаторага роздыху, калі ўсе памаўчалі і абдумалі ягоную пагрозлівую філіпіку.

- Увогуле, мне здаецца, мы не з таго пачалі, - праказала Аксана. - Мы пратаўкліся, выбачайце, на вуліцы з добрую гадзіну, дзе шляхта ледзь не хапалася за чубы. Вось што: спачатку мы павінны выбраць павятовага камісара.

- Спадзяюся, што пярэчанняў не будзе, калі мы зацвердзім на гэтую пасаду, - Буевіч зірнуў на аканома, - нашага паважанага гаспадара, васпана Ўрбановіча.

Урбановіч адчуў, як кроў ударыла яму ў галаву. Ён не верыў сваім вушам.

- Таксама лічу найлепшай кандыдатурай свайго мужа, - данёсся, як з лёху, голас Аксаны.

Аканом зірнуў на жонку. У яе вачах прачытаў давер, замілаванне.

- Я - павятовы камісар? - разгублена прамармытаў Урбановіч.

Ён падняўся з крэсла, але адчуў, што калені ягоныя затрэсліся. Таму бухнуўся назад у крэсла і стаў церці твар рукой, каб не было відаць, што ён бялее на вачах.

«Вось яно, вось... Рашучая хвіліна. Або - або!» - праносілася ў галаве.

- Пярэчанняў няма, - праказаў Артур. - Павінен зачытаць нешта накшталт інструкцыі павятовым камісарам. - Артур разгарнуў паперыну: - Такім чынам, хто стане павятовым камісарам, першае, павінен ведаць спосаб думак усіх жыхароў у павеце. Другое, пра шкадлівых народнай справе паведамляць ваяводскім камісарам. Трэцяе, сачыць за дакладным выкананнем законаў і дэкрэтаў, выдадзеных Нацыянальным урадам і Выканаўчым аддзелам.

- Пастойце, але я не... згодны, - ціха прамармытаў Урбановіч.

Надзіва, ягоны голас ніхто не пачуў.

- Чацвёртае. Звяртаць пільную ўвагу, каб вёскі, у якіх сяляне надзелены зямлёй, не вярталіся да сістэмы захопніцкага ўрада. Пятае. Патрабаваць ад службовых асоб народнай арганізацыі, каб як найхутчэй стварылі з адказных грамадзян пошту ў розных кірунках павета. Шостае...

- Артур... Пан вайсковы начальнік, - гучней, каб ужо ўсе добра пачулі, праказаў аканом. - Дазвольце...

- Не дазваляю, - абарваў аканома захоплены ўрачыстым момантам абвяшчэння паўнамоцтваў новай улады Буевіч. - Ага, шостае. Службовыя асобы народнай арганізацыі ў павеце павінны быць энергічнымі і самаахвярна займацца абавязкамі, даручанымі ім уладай. Калі акружныя і парафіяльныя начальнікі пазбаўлены гэтых якасцяў, павятовы ўрадавы камісар абавязаны звярнуцца да цывільнага начальніка павета, каб на працягу трох дзён замяніць іх іншымі; адначасова ён павінен паведаміць пра гэта ўрадаваму камісару ваяводства для далейшых захадаў.