Літоўскі воўк | страница 156
- Нічога, мы навядзём дысцыпліну, - сказаў Артур. - Праўда, пане Палюховіч?!
Стары Палюховіч хітнуў галавой. Ён крыху дзюбнуў - пачаставаўся ў чалядні.
- Заўважце, процістаяць добра абучаным, узброеным па апошнім слове вайсковай навукі жаўнерам, - дадаў Бароўскі. - Майце на ўвазе, экіпіроўку паўстанца і салдата расейскай арміі не параўнаць.
- Але затое на нашым баку веданне мясцовасці, раптоўнасць і... імпэт, - не здаваўся Артур. - Як у нас кажуць - мыш капы не баіцца.
- Ну, за імпэтам і ў расейцаў не стане. Яны ваякі адмысловыя. Як падцягнуць артылерыю ды дадуць залп карцеччу, вы... мы паразбягаемся хто куды, - сказаў Людовік, які нечакана, відаць, пасля гістарычнага экскурсу, стаў на бок бацькі.
Ці не дзеля сына гэтак стараўся Бароўскі?
- Дык чаго мы ўвогуле тут сабраліся? - нечакана ўскіпеў Артур. - Там, і там, і там, - паказваў рукой на захад, поўнач, усход, - паўстанцы змагаюцца з заклятым ворагам, а мы тут гістарычныя лекцыі слухаем. Маё рашэнне - выступаць неадкладна, шукаць ворага па ўсім краі і біць яго, біць, біць... Каб зямля пад ягонымі нагамі гарэла...
Урбановіч апусціў вочкі. Зрабіў гэта і стары Бароўскі. Толькі яшчэ і ўздыхнуў.
- А я ведаю, куды вы дугу гнулі. Сядзець ціха, каб ніхто не загінуў, - голасна выгаворваў Артур. Ноздры ягоныя раздзімаліся ад гневу. - Нас не чапаюць, і мы нікуды не рушым. Мо адразу адрас цару-імператару падпішам? У вернападданстве? І будзем поўзаць у нагах гэтай маскалёўскай набрыдзі, як той Інсургент поўзае ў нагах малога Кавальца? За тое, што прыгарнуў, у лес не выгнаў... А прыйдзе час, яшчэ і цалавацца будзем. «Милости просим...»
Прысутныя маўчалі. Толькі пані Аксана глядзела на Артура смела, вачэй не хавала.
- Што вы ўсё мяне палохаеце: маштабы Расеі, маштабы Расеі! - не мог супакоіцца Артур. - Думаеце, я сам не баюся? Не ведаю, супраць каго іду? Можа, і мне хочацца ўзяць тоўстую бабу, нарадзіць дзяцей і жыць сабе спакойна, вучыць гэтых дзяцей, адукацыю даваць.
Урбановіч нядобра пасміхнуўся. У ягонай галаве варылася свая каша. Ведаў, ведаў пра няшчаснае каханне Буевічавага сына да наймічкі Хрысці.
- Дык у тым то і бяда, што вучыць стануць не так, як хачу, а як захоча нейкі маскоўскі начальнік, які прыедзе сюды, - працягваў свой гнеўны маналог Артур, - і стане распараджацца намі, як сваімі халопамі. Або свае халопы знойдуцца і ў дагодлівасці стануць лізаць, прабачайце, адно месца...
Урбановіч у знак пратэсту супраць грубага слова падняў руку.