Літоўскі воўк | страница 153
- Змяце... Аж пыл пойдзе, - уставіў свой грош аканом. - Спачатку ён змяце нас. Зрабуе эканомію дашчэнту, пане Буевіч. Вы гэта разумееце?
- Таму важна як след накіроўваць энергію бунту, - дакляраваў Артур. - Давайце гаварыць пра надзённае, а не пра колішнюю вайну.
- Э-э не, пачакайце, - падняўся Бароўскі. Дагэтуль ён сядзеў. - Дайце дагаварыць да канца. Войска Тармасава не адкінулі, яно адышло ў палескія балоты, спынілася ў Ратна, тут непадалёку.
- Можа, хопіць? - Гаспадыня дома, пані Аксана, асцярожна пакратала старога Бароўскага за плячо.
- Тармасаў меў пад ружжом 28 тысяч жаўнераў, - не здаваўся Бароўскі. - Аўстрыякі сядзелі ў Кобрыне, саксонцы занялі Берасце. Вось і ўсё, на што яны маглі разлічваць: сядзець і не рыпацца.
- Але ж генерал Дамброўскі з дывізіяй па загаду Напалеона вярнуўся ў край з-пад Смаленска і... - урачыста абвясціў Артур.
- Адкіньце ваш пафас, - скрывіўся Бароўскі, перабіваючы Буевіча. - Вярнуўся?! Так, вярнуўся, каб сачыць за дзеяннямі корпуса Эртэля, які сядзеў у Мазыры, і Ігнацьева ў Бабруйскім гарнізоне. Расейцаў было 17 тысяч супраць 8 тысяч нашых.
- Рыхтык ге! - усклікнуў стары Палюховіч. - Нас было мала, але мы былі маладыя... Эх, колькі дзяўчат нам усміхалася, панове.
Грымнуў рогат. Але не да рогату зрабілася Артуру. Ён стаў падазраваць, што на гэтай радзе яго наўмысна цягнуць у нейкае балота.
3. Зразумець маштаб Расеі
- Дамброўскі меў нават артылерыю - 20 гармат. Нічога лепшага не прыдумаў, як рассяродзіць сілы: пакінуў батальёны ў Магілеве, Глуску, Свіслачы. Эртэль разагнаў гэтыя батальёны. Сотні забітых, палонныя... Потым Эртэль паслаў генерал-маёра Запольскага ў Пінск. І выгналі аўстрыякаў з горада... Вось што рабілася. Напалеон сядзеў у Маскве, галоўныя сілы расейцаў стаялі пад Таруціна, а ў палескіх балотах і лясах вайна не заціхала ні на дзень. Во дзе, выбачайце, кавалася расейская перамога. Тут, у нас...
Наступіла хвіліна маўчання.
- Хм, дык што вы прапануеце? - спытаўся Артур. - Сядзець і чакаць, калі прыйдуць казачыя сотні?
- А які ў нас стратэгічны рэсурс! - працягваў сваю думку Бароўскі. - Наша задача зразумець, якімі рэсурсамі мы валодаем, каб змагацца супраць ворага, які нечакана з'явіўся перад намі.
- Якога ворага вы маеце на ўвазе? - спытаўся пан аканом.
- Якога? Расею! - выгукнуў Артур.
Пан Урбановіч пабялеў. «Расею мець ворагам? Барані Божа... - падумаў ён. - Што яны гавораць... Чаму, чаго я тут сяджу?»
- Панове, - спалохана прагаварыў ён, - вы хоць уяўляеце, што такое Расея?