Літоўскі воўк | страница 152
Прысутныя засмяяліся.
- Дык вось, - прадоўжыў, абрадаваны нечаканай падтрымкай, Бароўскі. - З дзядулевых расказаў я шмат чаго даведаўся пра тыя вайсковыя падзеі.
- Армія Тармасава стаяла на Ўкраіне, яна не вырашала падзей... - надумаў паспрачацца і па гэтым пункце Артур.
- Не скажыце. Тармасаў яшчэ ў ліпені 1812 года атрымаў ад Аляксандра I загад рухацца на поўнач, гэта значыць праз балоты Палесся на злучэнне з 12-тысячным корпусам генерал-лейтэнанта Эртэля, што стаяў у Мазыры, а таксама з 5-тысячным гарнізонам Бабруйскай крэпасці генерал-маёра Ігнацьева.
- Адкуль, проша пана, такая рыхтычнасць? - спытаўся Буевіч, строга насупіўшыся.
- Як, як?
- Дакладнасць у лічбах? - паправіўся Артур.
- Гэта па-новаму, па-ліцвінску, - заўважыў аканом Урбановіч. Не без з'едлівасці.
- Я ж кажу, што я займаўся гісторыяй вайны дванаццатага года, - прадоўжыў Бароўскі. - Дык вось, саюзных войскаў налічвалася 46 тысяч. Гэта ў першую чаргу саксонцы генерала графа Рэнье, аўстрыйцы генерала Шварцэнберга...
- Ге, ге, - паківаў галавой стары Магнусь Палюховіч. - Саксонцы і аўстрыякі...
- Рускіх было ажно 63 тысячы, - прадоўжыў Бароўскі свой гістарычны экскурс. - Вы ж ведаеце, што расейцы ў тую кампанію ў канцы ліпеня нечакана захапілі Берасце і Кобрынь. І гэта ў той час, калі войска Барклая пакінула Віцебск.
- Што вы хочаце гэтым сказаць? - насупіўся Артур.
- Маштаб Расеі не дае правільнага разумення тых ці іншых вайсковых дыспазіцый. Мы не можам весці правільных вайсковых аперацый, вось што. Толькі партызанская вайна... У той час, калі рыхтавалася Барадзінская бітва, армія генерала Тармасава пераследавала саксонцаў і аўстрыякаў, гнала іх на захад. Вы гэта разумееце? Татарскія і казачыя сотні зрабілі інвазію ў Польшчу, польскае апалчэнне кідала зброю і ўцякала хто куды...
- Так, пацвярджаю, было, - згодна кіўнуў стары Магнусь Палюховіч. - Магнаты абівалі парогі французскіх казармаў: ратуйце! Нават генерал Луазон, які стаяў у Круляўцы, быў змушаны выступіць у паход да Варшавы, бо баяліся, што Тармасаў захопіць сталіцу.
- Чулі? - пераможна абвясціў Бароўскі. - Расейцы трымалі край у сваіх руках нават тады, калі сэрца Расеі, Масква, было ўхоплена рукой карсіканца-падманшчыка.
- Часова. Шварцэнберг і Рэнье сваімі 40 тысячамі войска адкінулі Тармасава, - сказаў Артур, ківаючы пальцам. - Не думайце, што мы не чыталі гістарычных прац. Гэта - па-першае, па-другое, вельмі тыя аўстрыякі і саксонцы хацелі ваяваць. У нас іншая сітуацыя, у нас народ падымецца магутнай хваляй і змяце царскі трон.