Літоўскі воўк | страница 151



Сталі абмяркоўваць, што робіцца ў краі. Абстаноўка мянялася кожны тыдзень, а пошта даходзіла са спазненнем, бо шмат дзе паўстанцы паразбівалі паштовыя станцыі. Праезджыя гандляры прывозілі навіны процілеглага зместу. Арганізаваная некалькі дзён назад выведка нічога не дала. Пасланыя надзейныя людзі вярнуліся ні з чым - на ўсходзе і на захадзе натыкаліся на моцныя казачыя раз'езды, на жандарскія патрулі або на цэлыя табары рэгулярнага расейскага войска.

Артур даказваў, што трэба ісці на злучэнне з асноўнымі сіламі паўстанцаў, гэта значыць падавацца на Пінск, на Кобрын, на Слонім. Калі злучыцца з якім буйным атрадам, тады пра каардынацыю дзеянняў падумаюць вышэйшыя начальнікі. Стары Бароўскі сцвярджаў, што паход - рэч неабдуманая. Паход сам па сабе вымушае страту сілаў, сродкаў. Калі ж заставацца ў мястэчку, то ніякіх стратаў ні сілы, ні сродкаў не будзе.

- Што дасць гэтае сядзенне? - гарачыўся Артур. - Мы толькі губляем час і энергію. Калі мы пасядзім яшчэ тыдзень, людзі стануць разбягацца.

- Прашу пачакаць новых паведамленняў, - гаварыў Бароўскі. - Цаню такую думку: чорт абарону любіць.

- Якая абарона! - абурыўся Артур. - Наша сіла - у яднанні. Вы, я бачу, абсалютна невайсковы чалавек.

- Дайце сабе ўпыну зневажаць старэйшых, - казаў Бароўскі. - Я пацярпеў - мой сын ледзь не апынуўся ў Сібіры. А з-за чаго? З-за глупства!

Пасля арышту і вызвалення сына старога Бароўскага быццам падмянілі. З рахманага, ціхага чалавека ён пераўтварыўся ў ваяўнічага паўстанца. Каб быў тут спраўнік ці жандарскі афіцэр Фогель, яны здзівіліся б такой перамене. Праўда, ранейшыя рысы характару - асцярожнасць, абдуманасць кожнага кроку, абумоўлівалі паводзіны Бароўскага і цяпер.

- Ды вы, прашу прабачыць, не чыталі, пэўна, ніводнай працы па стратэгіі. Ваша спецыяльнасць, не крыўдзіцеся - арніталогія, гітара, ксёнжачкі, - не адказваў на канкрэтнае пытанне Буевіч.

Бароўскага кінула ў барву. Ён шумна дыхаў, але трываў, аж сціснуў рукі ў кулачкі.

- Вы, Артур, кажаце, што я не чытаў ваенных работ? Чытаў... Вывучаў... Не думайце, - спакойна гаварыў Бароўскі. - Акрамя таго, я маю ўяўленне пра вайсковыя дзеянні з нядаўняй гісторыі.

- Вы маеце на ўвазе вайну дванаццатага года? - з ухмылкай прамовіў Артур.

- Так. Тады абсэрвацыйная армія расейскага генерала ад кавалерыі Аляксандра Пятровіча Тармасава супрацьстаяла войску, у якім лёс сабраў многа нашых землякоў, а ў прыватнасці - быў там і мой дзед.

- Так, згодны, - кіўнуў галавой стары Магнусь Палюховіч. - Помню. І я там быў... І скажу вам, харошыя людзі пранцузы, ліха іх матары, але слімакі, жабіны ногі і іншая дрэнь бон апетыт не прыбаўляе, халера на іх...